Антыфэйк / фактчэк

28 лютага

ЕЗ не падтрымлівае фермераў? Каманда WTF праверыла заяву дэкана журфака БДУ

Толькі на прамыя выплаты фермерам у 2023-2027 гадах ЕЗ запланаваў выдаткаваць амаль па €40 млрд у год.

Еўрапейскія фермеры страйкуюць, таму што Еўразвяз не дае ім ніякай падтрымкі, сцвярджае Аляксей Бяляеў. Журналісты Weekly Top Fake праверылі, ці так гэта. 

Кіраўнік факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў у эфіры «Альфа Радыё» 20 лютага распавёў пра сваё бачанне прычын забастовак еўрапейскіх фермераў. 

«Мы бачым, што ў Еўразвязе ў цэлым сёння прынята рашэнне адмовіць усім сваім фермерам у падтрымцы: адмова ад субсідыяў, Адмова ад выдзялення таннага паліва. На агульным фоне росту коштаў на ўсё, на агульным фоне росту выдаткаў фермерскіх пры поўнай адсутнасці з боку дзяржавы якой-небудзь падтрымкі адраснай. Вядома, гэтыя фермеры прайграюць ушчэнт таннай сельскагаспадарчай сыравіне, харчаванню, якое трапляе не толькі з Украіны», — заявіў ён.

Толькі на прамыя выплаты фермерам у 2023-2027 гадах ЕЗ запланаваў выдаткаваць амаль па €40 млрд у год. За кожны гектар апрацоўванай зямлі фермеры атрымліваюць не менш за €200 дапамогі. 

Еўразвяз таксама даплачвае фермерам-пачаткоўцам, якія прытрымліваюцца экалагічных схем вядзення сельскай гаспадаркі альбо вырошчваюць бавоўну ці іншыя важныя для ЕЗ культуры.

Акрамя таго, ЕЗ выдзяляе грошы на развіццё пэўных сельскагаспадарчых рэгіёнаў. У цэлым да 2027 года еўрапейская сельская гаспадарка атрымае €260 млрд падтрымкі.

Для параўнання: у Беларусі ў 2023 годзе на фінансаванне аграпрамысловага комплексу накіравалі прыкладна $1 млрд. На субсідыі вытворцам пайшла толькі чвэрць гэтай сумы. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі