Антыфэйк / фактчэк Учора «Што такое еўрапейскія войскі без ЗША?» Пералічылі за Азаронкам колькасць арміяў краін Еўропы

Польская армія цяпер сапраўды самая вялікая ў Еўропе.

Еўрапейскія краіны маюць занадта маленькія арміі, каб размясціць свае міратворчыя сілы на тэрыторыі Украіны, заявіў Рыгор Азаронак у эфіры «СБ ТБ». Каманда Weekly Top Fake высветліла, наколькі ён недаацаніў ваенную моц Еўропы. 

Пра магчымасць размяшчэння міратворчых сіл Францыі, Нямеччыны і іншых еўрапейскіх краін на тэрыторыі Украіны Рыгор Азаронак разважаў у эфіры «СБ ТБ» 20 лютага 2025 года.

«Усе гэтыя вар'яцкія заявы вельмі лёгка рассыпаюцца, калі ты глядзіш канкрэтыку. Што такое еўрапейскія войскі без ЗША, без НАТА? Ну, давайце глядзець. Вось ядравая зброя — гэта Францыя. Францыя, але... Далей сухапутныя сілы — гэта ў асноўным замежны легіён, гэта тысяч 10. Там розныя даюць ацэнкі, але гэта зусім няшмат. Нямеччына, бундэсвэр — гэта фактычна паліцыя на дадзены момант. Так, яны сказалі, што будуць прызыў вяртаць, яшчэ чагосьці, але ў іх піва ў рацыёне нават ёсць, так што гэта сур'ёзна ўспрымаць не варта. Усялякія Данія, Бельгія, Галандыя — там проста вось гэтая парадная, паркетная армія, якая там у гэтых пёрах ходзяць і г.д. ... Гэта ўсюды па пару тысяч. Сур'ёзнае нешта з сябе ўяўляе польская армія», — пералічыў Азаронак. 

Польская армія цяпер сапраўды самая вялікая ў Еўропе. Па дадзеных на сярэдзіну 2023 года, яе агульная колькасць дасягнула амаль 200 тысяч чалавек, з якіх 140 тысяч — гэта прафесійныя вайскоўцы.

Францыю Азаронак недаацаніў. Гэта другая па колькасці армія Еўропы — там служаць 110 тысяч вайскоўцаў, з іх у сухапутных войсках — 77 тысяч камбатантаў. У Нямеччыне войскі бундэсвэру — гэта крыху больш за 180 тысяч вайскоўцаў, з іх 61 з лішнім тысяча служаць у сухапутных войсках.

Да наймацнейшых у Еўропе адносіцца і армія Вялікай Брытаніі. Гэта амаль 150 тысяч чалавек, больш за палову з іх — сухапутная армія. У Бельгіі і Даніі сапраўды невялікія арміі. У Даніі — да 10 тысяч чалавек, а ў Бельгіі — у тры разы больш.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі