Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
АНТ: ВУП краін ЕАЭС за 10 гадоў павялічыўся амаль у два разы. Праўда ці фэйк?
Падводзіць вынікі 10-гадовай працы Еўразійскага эканамічнага саюза можна будзе ў 2025 годзе.
У Маскве прайшоў 10-ы, юбілейны саміт Еўразійскага эканамічнага саюза. Асвятляючы гэтую падзею, АНТ паведаміў, што сумарны ВУП Беларусі, Казахстана, Расеі, Арменіі і Кыргызстана за апошнія 10 гадоў вырас амаль у два разы. Каманда Weekly Top Fake праверыла заяву дзяржтэлеканала.
У выпуску навін за 12 мая АНТ распавёў пра эканамічныя поспехі ЕАЭС.
«Да юбілею краіны падышлі з пэўнымі дасягненнямі, гаворка ў першую чаргу пра эканоміку. Коратка па лічбах: сукупны ВУП краін пяцёркі за 10 гадоў павялічыўся амаль удвая — цяпер гэта 2,5 трлн долараў», — паведаміў закадравы голас.
АНТ паўтарыў словы Уладзіміра Пуціна. Выступаючы на саміце, ён заявіў, што ВУП пяцёркі за 10 гадоў падрос з 1,6 трлн да 2,5 трлн долараў.
Сапраўды, па папярэдніх дадзеных Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), сукупны ВУП усіх краін у 2023 годзе склаў 2,4 трлн долараў. Аднак у 2014 годзе, паводле статыстыкі ЕЭК, ВУП краін ЕАЭС быў 2,4 трлн долараў. Гэта значыць такім жа, як і ў 2023 годзе.
У зборніку ЕЭК «10 гадоў еўразійскай інтэграцыі» за 2022 год апублікавана статыстыка за 2012–2021 гады, згодна з якой эканамічнае становішча ў ЕАЭС за 10 гадоў амаль не змянілася. Прамысловая вытворчасць і сельская гаспадарка не выраслі. Аб'ёмы будаўніцтва ўпалі. Павялічыўся грузазварот.
Дамову аб стварэнні ЕАЭС кіраўнікі трох дзяржаў — Беларусі, Казахстана і Расеі — падпісалі ў траўні 2014 года. Далей далучыліся Арменія і Кыргызстан. Аднак юрыдычна саюз з'явіўся 1 студзеня 2015 года. Да гэтага краіны супрацоўнічалі ў рамках Мытнага саюза і Еўразійскай эканамічнай прасторы.
Гэта значыць, што падводзіць вынікі 10-гадовай працы Еўразійскага эканамічнага саюза можна будзе ў 2025 годзе.