Антыфэйк / фактчэк 16 лютага 2024

Еўрапейскія фермеры страйкуюць праз антырасейскія санкцыі? Каманда WTF праверыла словы дэкана журфаку БДУ

У Еўропе другі месяц страйкуюць фермеры.

Еўропу ахапілі забастоўкі фермераў, таму што Еўразвяз прымусіў іх сысці з расейскага рынку, заявіў палітолаг Аляксей Бяляеў. Каманда Weekly Top Fake праверыла яго сцвярджэнне. 

У Еўропе другі месяц страйкуюць фермеры. Яны перакрываюць дарогі ў Нідэрландах, Нямеччыне, Францыі, Польшчы, Грэцыі, Балгарыі, Літве, Італіі. 6 лютага да пратэстаў далучыліся іспанцы. У той жа дзень дэкан факультэту журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» распавёў пра прычыны гэтых пратэстаў. 

«Чаму яны гэта робяць? Таму што Еўропа, па-першае, пачала санкцыйную вайну з Расеяй і гэтым самым, зачыніўшы заслону, абарваўшы ўласны гандаль з Расеяй, яны пазбавілі сваіх фермераў велізарных заробкаў. Не сакрэт, што Расея была да санкцыйнага перыяду велізарным рынкам збыту для еўрапейскай сельскагаспадарчай прадукцыі», — заявіў ён.

Забарона на продаж у РФ сельскагаспадарчай прадукцыі з ЕЗ была ўведзеная дзесяць гадоў таму. Яго ініцыятарам была Расея. У 2014 годзе Уладзімір Пуцін у адказ на санкцыі за анексію Крыму ўвёў харчовае эмбарга і з тых часоў штогод яго падаўжае.

Праз два гады пасля яго ўвядзення эканамісты з Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ прыйшлі да высновы, што эмбарга на пастаўкі харчавання з заходніх краін не нанесла істотнай шкоды гэтым дзяржавам.

«Выпадкі, калі скарачэнне імпарту ў Расею прывяло да рэальнага падзення аб'ёмаў і кошту экспарту з санкцыйных краін, адзінкавыя, а па маштабах нанесенай эканамічнай шкоды нязначныя. Такім чынам, расейскае эмбарга на пастаўкі асноўных відаў харчавання не нанесла істотнай шкоды пастаўшчыкам з гэтых дзяржаў», — адзначалі эксперты акадэміі.

Пра тое, што цяперашнія страйкі фермераў не звязаныя з забаронай на продаж сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею, сведчыць тое, што пратэстоўцы не патрабуюць скасавання антырасейскіх санкцый.

Выданне Politico склала інтэрактыўную карту Еўропы, у якой сабрала скаргі фермераў з розных краін — гэта высокія цэны, танны імпарт, падаткаабкладанне, зялёная палітыка ЕЗ, субсідыі на дызель і многае іншае. Патрабаванні адмены харчовага эмбарга ў гэтым спісе няма.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць