Антыфэйк / фактчэк

01 чэрвеня 2023

Фэйкі тыдня: сатанінскі падарунак Папу Рымскаму і план знішчэння крымчанаў, колькасці ВІЧ-інфікаваных у Беларусі і дэфіцыту ёду ва Украіне

У чаканні ўкраінскага контрнаступу ў расейскіх і беларускіх медыях працягвае нарастаць напружанне.

Фэйк №1: Кіраўнік украінскай выведкі збіраецца знішчыць 3 млн жыхароў Крыму 

Дата фэйку: 24.05.2023

У чаканні ўкраінскага контрнаступу ў расейскіх і беларускіх медыях працягвае нарастаць напружанне. Пасля чарговай дыверсіі ў Крыме, якая адбылася 18 траўня, гэтым разам на чыгунцы, у эфіры праграмы «Аб'ектыўна» беларускага дзяржаўнага тэлеканалу АНТ заявілі, што ўлады Украіны збіраюцца фізічна знішчыць тры мільёны нелаяльных жыхароў тэрыторый, якія вернуцца пад украінскі кантроль. У пацвярджэнне 24 траўня паказалі ўрывак інтэрв'ю з начальнікам Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірылам Буданавым. У ім гучаць такія словы: 

Журналіст: У якое месца ў Крыме вы паедзеце пасля перамогі?

Буданаў: У Севастопаль. Адназначна, у Севастопаль. Гэта мой родны горад. Я нарадзіўся ў Кіеве, усё маё дзяцінства прайшло там.

Журналіст: тры мільёны не вельмі лаяльных людзей вернецца...

Буданаў: Гэта не проста нелаяльныя — гэта людзі з перайначанай псіхікай ужо.

Журналіст: І што з імі рабіць?

Буданаў: Усё вельмі проста. Прыцягненне да справядлівай адказнасці. Справядлівая адказнасць, у нашым разуменні, для пэўных людзей і іх учынкі можа быць толькі фізічнае знішчэнне.

Аналагічнае відэа чатырма днямі раней апублікаваў тэлеграм-канал «ЖС прэміўм». 

Насамрэч гэта мантаж з розных урыўкаў інтэрв'ю Кірыла Буданава ютуб-каналу «Свет навыварат». Калі кіраўнік выведкі Украіны ў ім казаў аб фізічным знішчэнні, гаворка ішла пра вінаватых у масавых забойствах і згвалтаваннях мірнага насельніцтва ў Бучы. Вось як гэта гучала ў арыгінале:

Журналіст: Мы ўжо ведаем некаторыя асобы, якія звярэлі ў Бучы, вы іх таксама агалошвалі.

Буданаў: Кніга катаў, так, яна аднаўляецца.

Журналіст: Нават на сайце ГУВа [Галоўнае ўпраўленне выведкі — рэд.] ёсць раздзел «Ворагі». Якія далейшыя планы?

Буданаў: Вельмі проста: прыцягненне да справядлівай адказнасці. Справядлівая адказнасць, у нашым разуменні, пэўных людзей за іх дзеянні можа быць толькі фізічнае знішчэнне.

А вось што насамрэч Буданаў казаў пра тры мільёны нелаяльных людзей:

Журналіст: Апроч таго, што тры мільёны не вельмі лаяльных людзей вернецца…

Буданаў: Гэта не лаяльныя, а людзі з перайначанай псіхікай. Гэта не ідэалогія, а псіхіка.

Журналіст: І што з імі рабіць?

Буданаў: Тых, каго можна, — перавыхоўваць.

Журналіст: Пугай ці пернікам?

Буданаў: Усім — і пугай, і пернікам. Адно без другога не працуе. 

Такім чынам, кіраўнік украінскай выведкі нічога не казаў аб фізічным знішчэнні жыхароў Крыму.

Яшчэ адна неадпаведнасць — на паўвыспе жыве менш за тры мільёны чалавек. Паводле апошняга перапісу насельніцтва — 1,9 млн.

Фэйк №2: У Беларусі жыве 5200 ВІЧ-інфікаваных

Дата фэйку: 22.05.2023

У Беларусі — 5200 ВІЧ-інфікаваных жыхароў. Такая інфармацыя прагучала ў матэрыяле тэлерадыёкампаніі «Гомель» у гонар Міжнароднага дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, які адзначаецца штогод у трэцюю нядзелю траўня.

«З пачатку года ў Беларусі СНІДам заразіліся амаль 500 чалавек. 27% з іх — жыхары Гомельскай вобласці, што з'яўляецца самым высокім паказнікам у краіне. У параўнанні з адпаведным леташнім перыядам колькасць хворых засталася на ранейшым узроўні, а ў Гомельскай вобласці нават зменшылася на 1%. Такім чынам, зараз ВІЧ-станоўчымі з'яўляюцца 5200 жыхароў Беларусі».

Насамрэч іх амаль у пяць разоў больш. Такія дадзеныя змешчаныя на сайце Міністэрства аховы здароўя ў публікацыі ад 16 траўня 2023 года: 

«У Рэспубліцы Беларусь з дыягназам ВІЧ-інфекцыя жыве больш за 24 тыс. чалавек. Штогод у краіне рэгіструецца каля 2 тыс. новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі». 

Лічба, якую назвалі на гомельскім ТБ, — гэта колькасць ВІЧ-інфікаваных, якія жылі толькі ў адной Гомельскай вобласці амаль 10 гадоў таму. Чаму яе прывялі цяпер для ўсёй Беларусі, незразумела. Магчыма, няправільна падлічылі паказнік захворвання — 5,2 чалавека на 100 тысяч насельніцтва.

Фэйк №3: Зяленскі паднёс Папу Рымскаму сатанінскі падарунак

Дата фэйку: 19.05.2023 

Уладзімір Зяленскі наведаў Ватыкан і 13 траўня сустрэўся з Папам Рымскім Францыскам. На тэлеканале «Звязда» у эфіры 19 траўня заявілі, што прэзідэнт Украіны падарыў пантыфіку сатанінскую ікону. 

«Падчас гэтага візіту здарылася вельмі непрыемная гісторыя. Зяленскі падарыў яму такі абраз, такі самароб украінскі, навадзел. Такі варыянт абраза Божай Маці, але замест Ісуса на ім — чорная пляма», — паведаміла вядоўца Вольга Бялова.

«Гэта не проста абраз. Гэта так званая адыгітрыя, пеклапісны абраз. Гэта сатаністы, прычым гэта прызнаны факт. Сатаністы, калі хочуць зрабіць хрысціянам, наклікаць бяды ці абразіць, яны дарылі гэтыя пеклапісныя іконы, дзе выява Хрыста была альбо чорнай, альбо падмалёўвалі чарцей туды. Гэта ўсё не проста так», — працягнуў яе калега Міхаіл Шахназараў.

А вось як падарункі прэзідэнта Украіны пракаментавалі ў «Навінах Ватыкана»:

«Падарункі, дастаўленыя Зяленскім, былі значнымі: твор мастацтва, зроблены з куленепрабівальнай пласціны, і карціна аб забойстве дзяцей падчас канфлікту пад назвай “Страты 2022-58”, дзе “58” азначае пяцьдзясят восьмы дзень з пачатку ўварвання Расеі, якое на той момант прывяло да гібелі 243 дзяцей». 

Іншымі словамі, падарунка была два — абраз і карціна. Чорная пляма на месцы Ісуса намалявана на карціне, а не на абразе. Чорны ж сілуэт дзіцяці на каленях у Багародзіцы сімвалізуе дзяцей, забітых у першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Фэйк №4: Украінцы скупілі ў аптэках увесь ёд

Дата фэйку: 19.05.2023 

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка 19 траўня наведаў БелАЭС, дзе ў яго прысутнасці магутнасць другога энергаблока павысілі да 50%. У той жа дзень вядоўца Алёна Радоўская на ютуб-канале інфармагенцтва «Менск-навіны» заявіла, што беларусы могуць спаць спакойна і не баяцца радыяцыі, у той час як украінцы скупілі ў аптэках увесь ёд: 

«І вядома, калі вышэйшая службовая асоба, Раман Галоўчанка прыязджае на АЭС і кантралюе ўсё, гэта гаворыць аб тым, што людзі, вы можаце быць спакойныя. Чаго не скажаш... Вось сёння чытаю навіна. Украіна. Там радыеактыўнае воблака ўтварылася пасля знішчэння рускімі ракетамі склада з уранавымі боепрыпасамі да танкаў у Хмяльніцкім. І паступова рухаецца на захад, паведамляюць медыі. Чатыры дні таму ў аптэках украінскага гораду скончыўся ёд, а ўжо ўчора ў Польшчы пачалі замяраць узровень фону. Яны спалохаліся».

Аб фэйку пра радыеактыўнае воблака ў Хмяльніцкім БРЦ ужо распавядаў. Расейскія дзяржаўныя медыі распаўсюджвалі яго ў кантэксце паставак ва Украіну снарадаў са збедненага ўрана, а таксама на фоне цяжкіх страт ад брытанскіх ракет Storm Shadow. Насамрэч ваганні ўзроўню радыяцыі ў Хмяльніцкай вобласці не перавышаюць сярэдніх паказнікаў за апошнія месяцы.

Але, магчыма, мясцовыя жыхары паверылі гэтым паведамленням і сапраўды раскупілі ёд? Мы патэлефанавалі ў аптэкі Хмяльніцкага, каб даведацца, ці так гэта. Вось, што нам адказалі ў аптэцы №31: 

- Ці ёсць якія-небудзь прэпараты ёдазмяшчальныя?

- Якое патрэбнае дазаванне?

- Для прафілактыкі на дарослага мужчыну.

- «Ёдамарын», «Ёсен», што тут яшчэ ёсць з ёдам… Калія ёдыд, «Формак» фірма, «Селенорм», а не, там селен, не тое, не тое. «Ёдафон» з фоліевай кіслатой.

- І гэта ўсё ёсць у наяўнасці?

- Так.

Званок у аптэку «Падарожнік» па адрасе Хатавіцкага, 7: 

- Ёсць «Ёдамарын», «Ёд-Нарміл», «Ёд-актыў» можа быць.

Вось, што сказалі ў аптэцы «Крыніцы здароўя» на Зарачанскай, 16:

- Якія ў вас з ёдам ёсць прэпараты?

- А для чаго? Вы скажыце, унутранага ці вонкавага выкарыстання?

- Унутранага.

- Калі для ўнутранага, то «Ёдамарын» можа быць, «Ёд-актыў» можа быць.

Падобна, ніякага дэфіцыту ёду ў Хмяльніцкім няма, гэтак жа як і радыеактыўнага воблака.

Фэйк №5: Міжнародныя эксперты прагназуюць эканамічны рост у Расеі і рэцэсію ў вядучых краінах ЕС

Дата фэйку: 24.05.2023 

На мінулым тыдні, 24-25 траўня, у Маскве прайшоў Еўразійскі эканамічны форум, які наведалі прэзідэнты Расеі, Беларусі, Казахстану і Кыргызстану. На паседжанні форума Уладзімір Пуцін заявіў, што эканоміка РФ пайшла ў рост, у той час як у Еўропе паказнікі падаюць. 

«Лічбы самі за сябе кажуць і аб так званым сыходным трэндзе развіцця сёння яшчэ дастаткова магутных цэнтраў сусветнай эканомікі.

Дык вось, лічбы гавораць самі за сябе: нягледзячы на маштабныя крызісныя з'явы ў сусветнай эканоміцы і гандлі, немалыя геапалітычныя рызыкі і фактары нявызначанасці, агульны ВУП дзяржаў Еўразійскага саюзу за 2022 год скараціўся, але скараціўся на 1,6%. А некаторыя эксперты там, як у нас у народзе кажуць, "за бугром", прадказвалі зусім іншы сцэнар, абвальны сцэнар. Нічога падобнага не адбываецца, не адбылося і ўжо яўна не адбудзецца. Нагадаю, ужо і нашыя эксперты, і міжнародныя для Расеі паказваюць рост ВУП. Спачатку казалі аб 0,7%. Нагадаю, што ў вядучых эканоміках Еўразвяза мінус паказваюць эксперты на бягучы год», — сказаў Пуцін.

З яго словаў вынікае, што міжнародныя эксперты прадказваюць, што ў 2023 годзе расейская эканоміка пакажа рост, а вядучыя краіны ЕЗ - наадварот, сыдуць у рэцэсію.

Гэта не так. Згодна з прагнозам Сусветнага банку, Расею чакае скарачэнне ВУП на 0,2%. Зону еўра — нулявы рост, а ЗША — рост на 0,5%. Прагнозы МВФ больш аптымістычныя. Для Расеі — рост 0,7%, для еўразоны — 0,8%, для ЗША - 1,6%. Гэта значыць, і Расеі, і еўразоне прадказваюць прыкладна аднолькавы рост у гэтым годзе. Пры гэтым у мінулым годзе эканоміка еўразоны вырасла на 3,5%, а ВУП Расіі ўпаў больш чым на 2%.

З вядучых эканомік Еўразвязу МВФ толькі Нямеччыне прагназуюць скарачэнне ВУП у 2023 годзе — на 0,1%. У Францыі і Італіі прадбачыцца рост. Пры гэтым Нямеччына з колькасцю насельніцтва ў 1,7 раза меншай, чым у Расеі, валодае як мінімум у два разы большым аб'ёмам гаспадаркі. Такімі тэмпамі — гэта значыць, калі эканоміка Расеі будзе кожны год гэтак жа расці, а эканоміка Нямеччыны ўсё гэтак жа падаць — Расеі спатрэбіцца больш за 40 гадоў, каб дагнаць Нямеччыну. 

Пуцін таксама прынізіў паказнікі падзення эканомікі Расіі, агучыўшы агульную лічбу па Еўразійскім саюзе. Яна выглядае лепшай, дзякуючы росту эканомік Арменіі, Казахстану і Кыргызстану. 

Найгоршы сцэнар ЕАЭС прадказвалі не эксперты «з-за бугра», а мясцовыя. Паводле прагнозаў Еўразійскай эканамічнай камісіі сумесна з Еўразійскім банкам развіцця, сукупны ВУП краін Еўрапейскага эканамічнага саюзу павінен быў скараціцца на 6%, а ў Расеі — на 7,5%.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць