Антыфэйк / фактчэк 13 чэрвеня 2025

«Нашы рэсурсы для нашых грамадзянаў, а не для збеглых здраднікаў». «Менск-Навіны» няправільна пераклалі выступ польскага дэпутата

У праграме «Асцярожна, правакатары» паказалі фрагмент выступу кансерватара Дарыюша Матэцкага.

У праграме «Асцярожна, правакатары» паказалі фрагмент выступу дэпутата ад польскай кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» Дарыюша Матэцкага з «дрэннымі навінамі» для беларускіх уцекачоў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што не так з відэа. 

Вядоўца праграмы «Асцярожна, правакатары» Вікторыя Кірычэнка ў эфіры «Вечаровага палітычнага канала» і «Радыё Менск» 2 чэрвеня 2025 года распавяла пра вынікі другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы, удакладніўшы, што «нам не важна, хто перамог». Важна ж, па яе словах, як палітычны працэс асвятлялі незалежныя беларускія медыі: 

«Экстрэмісцкія рэсурсы актыўна адпрацоўвалі серыю заказных матэрыялаў з удзелам беларусаў, якія атрымалі права галасаваць. Тыя захлыналіся ад захаплення, як ім падабаецца арганізацыя выбараў, як усё дэмакратычна, і яны ўпэўнены, што іх голас будзе залічаны і паўплывае на будучыню гэтай краіны. Ну, і дрэнныя навіны для тых, хто не атрымаў выбарчага права».

Далей у праграме паказалі ўрывак з выступу дэпутата ад апазіцыйнай партыі «Права і Справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość, PiS) Дарыюша Матэцкага. 

«Шаноўныя калегі, мой калега памыляецца, заклікаючы прымаць беларускіх уцекачоў. Польшча — для палякаў! Нашы рэсурсы — для нашых грамадзянаў, а не для збеглых здраднікаў, якіх выкарыстоўвае Менск у гібрыднай атацы», — такі пераклад з польскай на рускую мову наклалі на відэа. 

Каманда WTF знайшла арыгінальны запіс выступу дэпутата. Яго словы перакладаюцца так:

«Спадар маршал, шаноўная палата, я ўношу сустрэчнае заступніцтва. Вы не павінны апраўдвацца, а павінны адклікаць свайго кандыдата. Чаму? З моманту выхаду з інтэрнавання я інфармую, што на незаконнае фінансаванне выбарчай кампаніі перад першым турам пайшлі сотні тысяч злотых. Гэтыя сродкі паступалі ад арганізацый, асабіста звязаных з асяроддзем “Грамадзянскай кааліцыі”».

То бок Матэцкі не згадваў беларусаў, гаворка ішла пра меркаванае незаконнае фінансаванне прэзідэнцкай кампаніі Рафала Тшаскоўскага — кандыдата ад «Грамадзянскай платформы» (Platforma Obywatelska, PO), партыі, якая ўваходзіць у кіруючую «Грамадзянскую кааліцыю».

Журналісты WTF ужо выкрывалі фэйкі пра польскія выбары. Напрыклад, пра тое, што ўльтраправыя кандыдаты маюць значна большую падтрымку ў польскім грамадстве, чым іншыя палітычныя сілы. Гэта, паводле слоў вядоўцы праграмы «Кацюшын разлік» на канале News.by Кацярыны Ціхаміравай, стала зразумела па выніках прэзідэнцкай кампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць