Каментар пра прывабнасць Фінляндыі для турыстаў кіраўнік расейскага Цэнтру вывучэння вайсковых і палітычных канфліктаў Андрэй Клінцэвіч даў БелТА 20 верасня 2025 года. Ён заявіў, што апроч расейцаў краіна нікому не цікавая.
«Для жыхароў Санкт-Пецярбургу Фінляндыя — гэта была, умоўна, як суседняя губерня. Усе ездзілі, куплялі нерухомасць, жылі, адпачывалі. Ну хто апроч расейцаў паедзе на якія фінскія паўночныя азёры лавіць рыбу? Еўрапейцам гэта не трэба, яны на поўдзень, зазвычай, едуць. Ці ну хто ў цвярозым розуме можа ўзяць і зачыніць фінскае неба для расейскіх авіякампаніяў? Няма праблем, мы зачыняем фінскім авіякампаніям расейскае неба, і яны адразу робяцца банкрутамі».
Асноўны паказнік, які ўлічваюць у міжнароднай статыстыцы турызму, — колькасць зарэгістраваных начлегаў, то бок колькі начэй турысты правялі ў афіцыйных месцах размяшчэння (гасцініцах, кемпінгах, пансіянатах і г. д.). Па гэтым паказніку, да ўвядзення ўсіх абмежаванняў праз пандэмію каронавіруса і пачатак поўнамаштабнай вайны супраць Украіны расейцы ў Фінляндыі сапраўды лідаравалі. У 2019 годзе амаль кожны дзявяты турыст у гэтай краіне меў расейскі пашпарт.
З верасня 2022 года ўлады краіны забаранілі грамадзянам Расеі перасякаць вонкавую мяжу з турыстычнымі мэтамі. З той пары расейцы могуць заехаць у Фінляндыю толькі па дзелавых, навучальных, сямейных ці медычных прычынах. У 2024 годзе такіх налічылі каля 15,9 тыс. чалавек. Аднак гэта не абваліла турыстычную галіну Фінляндыі. Іншыя замежнікі правялі там прыкладна 6,4 млн начлегаў, у 2023-м — 5,8 млн. Больш за ўсё турыстаў — з Нямеччыны, Вялікай Брытаніі і Швецыі. Для параўнання, да пачатку пандэміі, у 2019 годзе, замежнікі пераначавалі ў краіне трохі больш за 7 млн разоў.
Расея зачыніла сваё неба для фінскіх самалётаў у лютым 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Гэта сапраўды ўдарыла па перавозках авіякампаніі Finnair з Еўропы ў Азію, але пра банкруцтва кампаніі дагэтуль не згадвалася. Наадварот, пасля 2022 года некаторыя яе фінансавыя паказнікі палепшыліся: павялічылася выручка, зменшыліся выдаткі.