Антыфэйк / фактчэк

15 кастрычніка

Чаканне супраць рэальнасці: Гайдукевіч распавёў, што польскія медыі напісалі пра ягоную прапанову дапамагчы ў барацьбе з паводкай

У польскіх медыях інфармацыі пра зварот Алега Гайдукевіча каманда WTF не знайшла.

Дэпутат Алег Гайдукевіч распавёў у эфіры «Радыё Менск», якую дапамогу прапанаваў палякам у барацьбе з наступствамі паводкі. Паводле яго, ён адправіў зварот ва ўсе польскія медыі і яго надрукавалі. Каманда Weekly Top Fake праверыла і не знайшла навінаў аб прапанове Гайдукевіча.

Аб супрацы з польскай партыяй «Фронт» і дапамозе, прапанаванай палякам, Алег Гайдукевіч, дэпутат беларускага парламенту і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі 2 кастрычніка 2024 года казаў у эфіры «Радыё Менск».

«Хтосьці пытаецца: для чаго мы супрацоўнічаем? Вось мы робім нейкую заяву. Я прапанаваў, напрыклад, на поўным сур'ёзе. У іх жа паводка была. І прыбярыце войскі з мяжы, адпраўце змагацца з паводкай. А мы самі за вас мяжу паахоўваем. Звярніцеся да нашага прэзідэнта, ён не адмовіць. Бедства ж у вас. Не жадаеце нашую дапамогу? Мы ж людзям заўсёды дапамагаем. Прыбярыце войскі, мы свае. Лідар партыі “Фронт", я адправіў відэазварот, ва ўсе СМІ, надрукавалі. Хіба дрэнна, што палякі даведаюцца праўду пра Беларусь?» — задаўся пытаннем дэпутат.

Партыя «Фронт» (Front) у Польшчы лічыцца прарасейскай і прабеларускай, у парламенцкіх выбарах яна не ўдзельнічала. Узначальвае яе былы актывіст партыі «Права і справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość, PiS), экс-дэпутат парламенту і ў мінулым намеснік міністра Дзяржаўнага казначэйства Кшыштаф Талвінскі (Krzysztof Tołwiński). 

Зварот Алега Гайдукевіча апублікавалі на сайце гэтай партыі

«Мы перажываем, што ў нашых суседзяў паводка, гора, і лічым, што ўся тэхніка, узброеныя сілы і нават залішняя колькасць памежнікаў павінны цяпер накіроўвацца на дапамогу людзям. А беларусы справяцца з аховай мяжы. Больш за тое, мы можам ліквідаваць чэргі, паказаць, як трэба працаваць».

У паведамленні да відэа ад імя партыі «Фронт» напісана, што Гайдукевіч запісаў зварот і да польскіх, і да беларускіх уладаў. А звярнуцца да апошніх па дапамогу яго папрасіла сама партыя «Фронт». 

У польскіх медыях інфармацыі пра зварот Алега Гайдукевіча каманда WTF не знайшла. Пра партыю ЛДПБ апошнім разам медыі суседняй краіны ўзгадвалі яшчэ да паводкі, распавядаючы пра падпісанне пагаднення аб супрацы з «Фронтам».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць