Пра ўзаемасувязь узроўню развіцця краін і адносін да савецкага мінулага Алег Гайдукевіч разважаў у эфіры «Альфа Радыё» 6 мая 2024 года.
«Пакажыце мне хоць адну краіну на постсавецкай прасторы, якая змагалася з савецкім мінулым, якая дасягнула хоць нейкіх станоўчых вынікаў у сваім развіцці. Нават Украіну не бяру. Добра. Украіна — зразумела. Малдова. Вунь яны змагаюцца — забаранілі георгіеўскія стужачкі. Заклікаюць 8 траўня святкаваць, а не 9 траўня. Што Малдова дасягнула? Жабрацкая! Краіна, якая нічога не вырашае. З якой толькі вывозяць лес. Людзі адтуль хочуць уцячы, працы няма, перспектыў няма, краіны няма. Дзе дасягненні?» — задаецца пытаннем дэпутат.
Малдова — сапраўды не самая багатая дзяржава. Але, напрыклад, заробкі там ужо абагналі Беларускія. У 2023 годзе малдаване ў сярэднім атрымлівалі $680, а беларусы — менш за $600.
Вышэй у Малдове і мінімальны заробак. Са студзеня гэтага года ён складае 5000 лееў (прыкладна $283), а ў Беларусі — 626 рублёў ($194 паводле актуальнага курсу). Але гэта не самы аб'ектыўны паказнік.
Для ацэнкі ўзроўню жыцця звычайна ўжываюць індэкс чалавечага развіцця, які разлічвае Праграма развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ПРААН). Цяпер Беларусь у рэйтынгу займае 69 месца, а Малдова — 86-е. Але за апошнія дзесяць гадоў Малдова паднялася амаль на 30 пазіцый, а Беларусь апусцілася на 16.
Таксама Гайдукевіч раскрытыкаваў эканамічныя дасягненні краін Балтыі.
«Бяром далей — Прыбалтыка. Яны люта змагаюцца з савецкім мінулым, з расейскай мовай... Нядаўна адна з чыноўнікаў Літвы заявіла, што наша бяда ў тым, што ў нас яшчэ вельмі шмат імперскай спадчыны савецкай эпохі... Яшчэ шмат прадпрыемстваў, кажа, засталося, яшчэ шмат дамоў стаіць. Яшчэ шмат чаго засталося з савецкага часу. Дурніца! Гэта апошняе, што ёсць у Літвы! Знішчыць гэта — і наогул нічога не будзе. Вы і так амаль усе знішчылі. Гэты чалавек адкрыта кажа "засталося занадта шмат савецкага"... А ты скажы, што за 30 гадоў новага зрабілі? Дзе новыя дасягненні Літвы, акрамя супрацьтанкавага рова? Нічога няма, вось у чым бяда. <...> Бяром Беларусь — збераглі гісторыю і дасягненняў у сто разоў больш».
Сярэдні заробак у Літве перавысіў €2100, мінімальны — €924, краіна ў індэксе чалавечага развіцця на 37 месцы. Там сапраўды зачыніліся многія пабудаваныя пры СССР прадпрыемствы, але на іх месца прыйшлі дзясяткі міжнародных кампаній. Яны плацяць жыхарам Літвы высокія заробкі, а бюджэт краіны атрымлівае вялікія падатковыя адлічэнні.
З Беларусі ж многія кампаніі наадварот сыходзяць. За апошні час свае офісы ў нашай краіне зачынілі Wargaming, Flo, Gurtam, PandaDoc і іншыя. Некаторыя з іх пераязджаюць менавіта ў Літву. ЕРАМ і Wargaming летась у яе бюджэт заплацілі падаткаў на больш чым €35 млн.
ВУП Літвы ў 2023 годзе перавысіў ВУП Беларусі, хоць насельніцтва гэтай краіны ўтрая меншае.