Сваёй версіяй таго, каму холдынг «Гомсельмаш» абавязаны стварэннем першага збожжазбіральнага комплексу, Рыгор Азаронак падзяліўся 20 кастрычніка 2025 года ў праграме «Азаронак. Наўпрост».
«Бо ўсё хацелі разваліць. Бацька гэты наш камбайн гомсельмашаўскі сваімі рукамі фактычна збіраў. Ён неаднаразова расказваў, як прыехаў туды, а там, прабачце, мыш павесілася. Менеджары давялі. І ён проста, па-мойму, там нейкі, ці то ўкраінскі, ці то канадскі, ці то нямецкі, нейкі яшчэ камбайн, сказаў разабраць і раскласці дэталі. І праходзіўся вось так:
– Вось гэта можаш? — пытаў ён там інжынера ці дырэктара.
– Гэта магу.
– А гэта?
– Гэта магу.
– А гэта?
– Гэта не.
– Што трэба для гэтага?
– То-то, то-то.
– Знойдзем, дастанем, украдзем, зробім.
І ўсё. У нас ёсць свой камбайн», — апісаў вядоўца.
З яго словаў вынікае, што ініцыятарам стварэння беларускага камбайна быў Аляксандр Лукашэнка, які асабіста кіраваў распрацоўкай. Аднак на афіцыйным сайце холдынгу «Гомсельмаш» гэты эпізод з гісторыі прадпрыемства пададзены па-іншаму.
Па ўспамінах удзельніка праекту Віктара Сусава, у 1995 годзе генеральны канструктар прадпрыемства задаўся мэтай стварыць збожжазбіральны комплекс. Да гэтага завод выпускаў галоўным чынам тэхніку для нарыхтоўкі кармоў, і стварэнне камбайна магло стаць для яго новым кірункам. Прапанову пра вытворчасць уласнай машыны з дакументацыяй і эканамічным абгрунтаваннем скіравалі ў Міністэрства прамысловасці, дзе яго палічылі немэтазгодным. Аднак у сакавіку 1996 года завод наведаў Аляксандр Лукашэнка і, даведаўшыся пра задуму, падтрымаў гомельскіх канструктараў.
Да лета гэтага ж года была гатова эксперыментальная мадэль, у стварэнні якой бралі ўдзел вядучыя адмыслоўцы з краін СНД. У жніўні першы комплекс вывелі ў поле. Лукашэнка асабіста прыехаў праверыць яго працу і даў згоду на серыйную вытворчасць. У 1999 годзе выпуск машын пачаўся.
То бок ініцыятыва выходзіла ад працаўнікоў прадпрыемства. Магчыма, Лукашэнка браў удзел у распрацоўцы камбайна, але ў гісторыі працаўніка яго роля не выглядае такой значнай, як прадставіў Азаронак.
 
							 
							 
							