Антыфэйк / фактчэк 23 лютага 2025

Арабскіх і індыйскіх студэнтаў, якія ўцякалі ад вайны, выдалі за мігрантаў, якія едуць ва Украіну. Знайшлі арыгінал відэа

Знята відэа побач з мяжой — каманда WTF вызначыла лакалізацыю дзякуючы рэкламным стэлам двух заправак.

Гледачы WTF даслалі ў рэдакцыю відэа з ТыкТоку і папрасілі праверыць. У роліку паказалі нібыта мігрантаў, якія імкнуцца трапіць ва Украіну. Раней некаторыя медыі распаўсюдзілі інфармацыю, што Кіеў збіраецца прыняць паўмільёна палестынскіх уцекачоў з Газы. 

Каб прыцягнуць увагу Дональда Трампа і ягонай адміністрацыі да «ўкраінскага пытання», Кіеў гатовы прыняць уцекачоў з Газы, напісалі аўтары тэлеграм-каналу «Резидент» 7 лютага 2025 года. Яны спаслаліся на крыніцу ў Офісе Уладзіміра Зяленскага.

«Кіеў прапануе ініцыяваць "глабальную палестынскую ініцыятыву", у рамках якой Украіна першай пагодзіцца прыняць уцекачоў з Газы, што павінна справакаваць згоды іншых краін. Гаворка можа ісці пра 500 тысяч уцекачоў», — сказана ў посце.

Навіну падхапіла «Комсомольская правда» і іншыя расейскія медыі. А ў ТыкТоку 9 лютага і на YouTube 11 лютага з'явілася відэа пад назвай «Завоз мігрантаў ва Украіну», на якім паказаная вялікая група замежнікаў. Спасылку на яго даслалі чытачы і гледачы WTF з просьбай праверыць.

На кадрах бачная шыльда «Ласкаво просимо». Знята відэа побач з мяжой — каманда WTF вызначыла лакалізацыю дзякуючы рэкламным стэлам двух заправак. Мы знайшлі на мапе месца каля мяжы Украіны з Польшчай побач з вёскай Шэгіні паміж АЗС сетак WOG і ANP. 

Журналістам таксама ўдалося знайсці іншае відэа, знятае ў гэтым месцы і, падобна, у той жа час, што і відэа, дасланае ў рэдакцыю, але з іншага ракурсу. Яго апублікавалі ў сацсетцы Х 26 лютага 2022 года. У подпісы гаворыцца, што на ім паказаныя індыйскія студэнты, якія ўжо 40 гадзін стаяць на памежным пераходзе, не маючы магчымасці пакінуць Украіну. Пра гэтую сітуацыю ў лютым 2022 года пісалі і замежныя медыі: пасля пачатку вайны сотні індыйскіх і арабскіх студэнтаў, ратуючыся ад небяспекі, затрымаліся на выездзе з Украіны ў Польшчу на пераходзе «Шэгіні — Медыка».

На АЗС, якая трапіла на відэа, можна разгледзець кошт паліва — першыя дзве лічбы падобныя да 34. Прыблізна 34 грыўні ў сярэднім каштаваў бензін у лютым 2022 года. Зараз 92 бензін у гэтай сетцы прадаюць па 53 грыўні. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць