Антыфэйк / фактчэк Учора

Тры фэйкі ў адной перадачы. Рэдактар «Менскага кур'ера» не разабраўся, што, калі і чаму забаранілі ў Вялікай Брытаніі

Кірыл Казакоў распавёў пра нібыта ўведзеныя ў краіне абмежаванні.

У Вялікай Брытаніі забаранілі выкарыстоўваць ангельскі сцяг і абмежавалі доступ у рэстараны фаст-фуду дзяўчатам да 16 гадоў, падзяліўся «невялікім наборам фактаў» галоўны рэдактар «Менскага кур'ера» Кірыл Казакоў. Прыняцце такіх мер ён патлумачыў цэнзурай і жаданнем не правакаваць мігрантаў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што Казакоў выкарыстаў класічны прыём прапаганды — праўду дапоўніў ілжывымі дэталямі.

Забарона на наведванне рэстаранаў

Пра ўзровень цэнзуры і абмежаванні, якія ўвёў урад для насельніцтва Вялікай Брытаніі, галоўны рэдактар «Менскага кур'ера» Кірыл Казакоў распавёў 23 верасня 2025 года ў праграме «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

«У Вялікай Брытаніі пасля нейкага часу, па-мойму, пасля шостай вечара, нельга знаходзіцца ў рэстаранах хуткага харчавання дзяўчатам да 16 гадоў, таму што яны могуць справакаваць напад на сябе. За гэта дзяўчат могуць абсалютна спакойна арыштаваць і праверыць іх тэлефон», — распавёў Казакоў. 

Таксама ён дадаў, што ў краіне «нельга махаць сцягам Вялікай Брытаніі або Англіі»: 

«Таму што гэта спрыяе распальванню расавай варожасці ў дачыненні да прыезджых туды. Прытым такія заявы робяць у тым ліку і мэры гарадоў, якія па нацыянальнасці індыйцы або пакістанцы. Або ж міністр унутраных спраў, якая таксама прадстаўляе сабою адну з меншасцяў, якая ўжо імкліва робіцца большасцю ў Вялікай Брытаніі».

Каманда WTF праверыла ўсе гэтыя цверджанні. 

Хто сябе паводзіць антысацыяльна?

У асобных рэгіёнах краіны сапраўды ўводзілі абмежаванні на наведванне рэстаранаў фаст-фуду, аднак не для дзяўчат, а для ўсіх непаўналетніх без суправаджэння дарослых. У Эдынбургу забарона дзейнічала з 17:00, у гарадах Піцерхэд і Форт-Ўільям у Шатландыі — з 18:00. Прычына абмежаванняў у антысацыяльных паводзінах самых падлеткаў: яны шумелі, канфліктавалі, абражалі супрацоўнікаў устаноў і іншых кліентаў. Такія абмежаванні ўвялі ў 2022 годзе.

Сцяг — забароненая сімволіка?

Што да сцягоў: у краіне сапраўды дыскутуюць пра дарэчнасць выкарыстання ангельскага сцяга — чырвонага крыжа на белым фоне. Пасля перамогі мясцовай футбольнай зборнай на жаночым «Еўра — 2025» з ім пачалі выходзіць ультраправыя на антымігранцкія пратэсты. Аднак закона, які забараняе выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку ў Вялікай Брытаніі няма. 

Сучасны сцяг Вялікай Брытаніі, вядомы як Union Jack, уяўляе сабою накладанне трох крыжоў святых апекуноў: чырвонага крыжа святога Георгія на белым фоне (знак Англіі), белага дыяганальнага крыжа святога Андрэя на сінім фоне (Шатландыя) і чырвонага дыяганальнага крыжа святога Патрыка на белым фоне (Ірландыя). Першая версія сцяга з'явілася ў 1606 годзе і яднала толькі ангельскі і шатландскі знакі, а цяперашні дызайн склаўся ў 1801 годзе, калі пасля заканадаўчага саюзу Вялікай Брытаніі і Ірландыі да існуючага сцяга дадалі крыж святога Патрыка. Ўэльс не прадстаўлены на сцягу, бо да часу стварэння Union Jack гэта княства ўжо было з'яднана з Англіяй і не з'яўлялася асобным каралеўствам.

Кіраўніца МУС супраць?

Пост міністра ўнутраных спраў Вялікай Брытаніі з 5 верасня 2025 года сапраўды займае дачка эмігрантаў з Пакістана Шабана Махмуд. У сацсетках з'явілася відэа, дзе яна нібыта кажа: «Людзі, якія ходзяць з ангельскім сцягам, гэта дрэнныя людзі, яны хочуць нас падзяліць». Яго сярод іншых апублікаваў беларускі тэлеграм-канал «Шкварка News». Каманда WTF высветліла, што фраза ў роліку — вырваная з кантэксту. 

Цытату ўзялі з выступу Махмуд на канферэнцыі Лейбарысцкай партыі ў 2017 годзе. У поўным відэа яна кажа пра радыкальны рух «Ліга ангельскай абароны» (English Defence League, EDL), які выкарыстоўвае знак Англіі ў сваіх акцыях. Яна падкрэсліла, што такія групы хочуць раскалоць грамадства і важна «адваяваць сцяг у дрэнных людзей», вярнуўшы яго пазітыўнае значэнне.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць