Антыфэйк / фактчэк Сёння

Хто насамрэч хлусіць: The Guardian ці «Клуб рэдактараў»

На беларускім тэлебачанні пераблыталі экспарт з таваразваротам і зрабілі няслушныя высновы пра рост эканомікі.

У праграме «Клуб рэдактараў» правялі фактчэк артыкула з брытанскай газеты пра стасункі Расеі і Беларусі і вынеслі вердыкт — «Guardian хлусіць». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што хлусіць не The Guardian. 

Іван Эйсмант у выпуску «Клуба рэдактараў» назваў The Guardian «брытанскай памыйніцай» і звінаваціў выданне ў хлусні. У эфіры Першага інфармацыйнага канала 3 кастрычніка 2025 года кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі прапанаваў паглядзець сюжэт, у якім нібыта выкрылі фэйкі з артыкула пад назвай «Яго наркотык — улада: Лукашэнка цягнецца да Захаду».

«Guardian піша: “Эканамічная залежнасць Беларусі ад Масквы толькі ўзмацнілася, бо заходнія санкцыі ператварылі краіну ў найважнейшы канал для Масквы, што прывяло да часовага росту экспарту і дзяржаўных прыбыткаў”. Guardian хлусіць пра часовы рост. Экспарт Беларусі расце штогод. У 2020 годзе ён складаў прыкладна $61 млрд. У 2024-м — ужо $86 млрд». 

Пра які экспарт ідзе гаворка — тавараў і паслуг ці толькі тавараў — у сюжэце не ўдакладнілі. Але ў дынаміцы 10 гадоў абодва паступова растуць. Аднак аб'ёмы не тыя, што агучылі ў «Клубе рэдактараў». Па афіцыйнай статыстыцы, экспарт тавараў у 2020 і 2024 гадах быў удвая ніжэй — $29,2 млрд і $40,3 млрд, экспарт тавараў і паслуг — прыкладна на траціну ніжэй, $37,2 млрд і $49,6 млрд.

Імаверна, у «Клубе рэдактараў» за дадзеныя па экспарце выдалі статыстыку па таваразвароце, то бок усе замежныя продажы і закупы Беларусі. Апроч таго, параўноўваць 2024 год з 2020-м, кажучы пра рост, некарэктна, бо ў 2020-м пачалася пандэмія каронавіруса і экспарт рэзка абваліўся праз зніжэнне сусветнага гандлю. 

Спрабавалі аспрэчыць у «Клубе рэдактараў» яшчэ адну тэзу з матэрыялу брытанскага выдання: «Guardian піша: “Па меры таго, як эканоміка Расеі запавольвалася пад цяжарам санкцый і вайсковых выдаткаў, Беларусь цягнулася за ёй уніз". Guardian хлусіць! У 2024 годзе ВУП Беларусі вырас на 4% у Брытаніі — плюс 1,1%», — расказалі ў тым жа сюжэце. 

У 2024 годзе ВУП Беларусі сапраўды вырас на 4%. Але тады расла і расейская эканоміка — прыкладна на 4,3%. У 2025-м тэмпы значна зменшыліся: па выніках двух кварталаў — да 1% год да года. Услед за Расеяй тэмпы зменшыла і беларуская эканоміка: у студзені-жніўні — 1,6%. Гэта значыць, што The Guardian не хлусіць.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць