Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«ЖС Premium» паведаміў пра фальсіфікацыю вынікаў выбараў у ЗША. Але сам падтасаваў факты

Па статыстыцы Дзярждэпартаменту, у паловы амерыканцаў няма пашпарту.

Кандыдатка ў прэзідэнты ЗША Камала Харыс перамагла ў тых штатах, дзе ў выбаршчыкаў забаранілі патрабаваць пашпарт, напісаў тэлеграм-канал «ЖС Premium». Каманда Weekly Top Fake вывучыла амерыканскае выбарчае заканадаўства і не знайшла пацверджанняў гэтай заяве. 

У ЗША 5 лістапада 2024 года прайшлі выбары 47 прэзідэнта. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі рэспубліканец Дональд Трамп і дэмакратка Камала Харыс. Перамогу атрымаў першы. 

Аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» паведамілі, што ў штатах, дзе перамагла кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі, зафіксавалі падтасоўкі. 

«Трэба ж, якое "супадзенне". У штатах, дзе перад выбарамі тэрмінова забаранілі патрабаваць пашпарт у выбаршчыкаў, перамагла Харыс. Там, дзе галасавалі па пашпарце, перамога ў Трампа. Аўтобусы з паднявольнымі лацінасамі-карусельшчыкамі ў такіх штатах не спрацавалі», — гаворыцца ў посце ад 7 лістапада 2024 года. 

Упершыню абавязковае прад'яўленне дакументаў, якія пацвярджаюць асобу выбаршчыка, у ЗША ўвялі ў 1950 годзе ў штаце Паўднёвая Караліна. Было дастаткова пасведчання без фатаграфіі. Дакументы з фота першай у 2005 годзе стала патрабаваць Індыяна. У 2024 годзе пасведчанне пры галасаванні трэба прад'яўляць у 36 штатах, у 21 з іх — з фотаздымкам.

Улетку 2024 года Палата прадстаўнікоў ЗША па ініцыятыве рэспубліканцаў прыняла законапраект, які абавязаў выбарчыя камісіі па ўсёй краіне правяраць дакументы ў выбаршчыкаў, але гэта прапанова не прайшла Сенат.

Па статыстыцы Дзярждэпартаменту, у паловы амерыканцаў няма пашпарту. Праціўнікі абавязковай ідэнтыфікацыі выбаршчыкаў лічаць, што страта або адсутнасць дакументаў — гэта не прычына адмаўляць чалавеку ў праве галасаваць.

Аўдыты мінулых выбараў выяўлялі парушэнні, але яны тычыліся тысячных доляў адсотка бюлетэняў. Асобе, якая незаконна прагаласавала, пагражае пакаранне нават да турэмнага тэрміну.

Каманда WTF праверыла, хто перамог на выбарах у штатах з ліберальнай рэгістрацыяй выбаршчыкаў, якія вагаліся і вырашылі зыход выбараў. Самы буйны з іх — Пенсільванія. Там перамог Дональд Трамп. Аналагічная сітуацыя ў Невадзе. Трамп перамог таксама ў Мантане, Юце, Паўночнай Дакоце і Заходняй Вірджыніі, дзе для галасавання дастаткова прад'явіць дакумент без фота, напрыклад, чэк за аплату камунальных паслуг. 

Штат Нью Гэмпшыр, дзе выбаршчык павінен прад'явіць дакументы з фота, прагаласаваў за Камалу Харыс.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі