Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Беларускія ўлады перад выбарамі не імкнуцца стварыць ілюзію поспеху, заявіў кіраўнік партыі «Белая Русь» Алег Раманаў. Каманда Weekly Top Fake вывучыла, з якімі дасягненнямі краіна падыходзіць да канца электаральнага цыклу.
Пра эканамічныя поспехі Беларусі кіраўнік партыі «Белая Русь» Алег Раманаў распавёў падчас абмеркавання выбарчай кампаніі, якая мае адбыцца, ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1» 25 кастрычніка 2024 года.
«Вельмі важна было адзначыць што [першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Снапкоў] Мікалай Генадзевіч, калі выступаў, ён гаварыў пра адказнае стаўленне да фармавання заробкаў. Пра тое, што яны фармуюцца выключна на падставе рэальных эканамічных паказнікаў і не апярэджваюць па тэмпе [росту] прадукцыйнасць працы і тыя эканамічныя вынікі, якія павінны ляжаць у аснове заробку. Гэта таксама вельмі важна, што мы не ствараем перад выбарамі ніякай... Не пераграваем эканоміку, не раздзімаем бурбалку, там, эканамічных паказнікаў у выглядзе заробкаў для таго, каб нібыта стварыць ілюзію поспеху. Няма ніякай ілюзіі — ёсць поспех», — падсумаваў палітык.
Статыстыка Белстату абвяргае заяву Алега Раманава. Рэальны заробак за дзевяць месяцаў вырас на 13% адносна таго ж перыяду 2023 года. Прадукцыйнасць працы расла ў два з лішнім разы павольней — паказнік 6%.
Як адставанне тэмпаў росту прадукцыйнасці працы ад рэальных заробкаў уплывае на эканоміку, у красавіку 2012 года тлумачыў сам Аляксандр Лукашэнка:
«Няма прадукцыйнасці працы — няма заробку. Таму што мы паўторым яшчэ раз гэты фінансавы крызіс, які па нас прайшоўся зусім нядаўна».
У 2011 годзе беларускі рубель дэвальвавалі ў тры разы. Напярэдадні сітуацыя з заробкамі была падобнай на цяперашнюю. Рост рэальных заробкаў у 2010-м апярэджваў рост прадукцыйнасці працы ўдвая. Гэта супала з выбарамі прэзідэнта, якія прайшлі ў снежні таго ж года.