Антыфэйк / фактчэк Сёння

Як старое відэа з паседжання ўраду Вялікай Брытаніі ператварылася ў навіну пра легалізацыю інцэсту ў краіне

Вядоўца «Радыё Менск» Алёна Радоўская паўтарыла непацверджаную інфармацыю з тэлеграм-каналу «Шкварка News».

У Вялікай Брытаніі дазволілі шлюбы паміж найбліжэйшымі сваякамі, паведаміла ў эфіры «Радыё Менск» вядоўца Алёна Радоўская. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што яна ўзяла інфармацыю з ненадзейнай крыніцы. 

Інфармацыю пра легалізацыю інцэсту ў Вялікай Брытаніі вядоўца «Радыё Менск» Алена Родоўская агучыла 23 верасня 2025 года ў эфіры Вечаровага палітычнага каналу на ютубе:

«Сёння Кір Стармер афіцыйна ў Вялікай Брытаніі легалізаваў… А вось цяпер проста спыніцеся або ўсядзьцеся зручней… Ён легалізаваў шлюбы паміж блізкімі родзічамі — братамі і сёстрамі. Зараз бацькам можна жаніцца на сваіх дочках, сынам можна рабіць руку і сэрца сваім мамам. І ён палічыў гэта патрэбным крокам. І зараз там, у гэтай краіне, заканадаўча дазволены інцэст».

Пост з падобным зместам у гэты ж дзень апублікавалі аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News». У пацверджанне сваіх словаў яны дадалі відэа з фрагментам паседжання парламенту, на якім нібыта абмяркоўвалі легалізацыю шлюбаў паміж сваякамі. У публікацыі далі пераклад дыялогу палітыкаў (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваны):

— Містар Стармер, вы разумееце што робіце? Вы легалізуеце шлюбы паміж братамі і сёстрамі, паміж сваякамі. Гэта нясе катастрафічныя рызыкі для здароўя людзей, шмат якія з якіх немагчыма вызначыць да нараджэння дзіцяці. Калі такая практыка працягнецца з пакалення ў пакаленне, то ангельцы вымруць.

— Мы выказалі сваю пазіцыю пра закон. Дзякуй.

Напэўна, у «Шкварка News» Алена Радоўская і пазычыла інфармацыю. 

Відэа, якое паказалі аўтары тэлеграм-каналу, сапраўднае. Упершыню яго апублікавалі ў сакавіку 2025 года. На ім ідзе гаворка не пра дазвол інцэсту, а пра адмову падтрымаць законапраект дэпутата, які прапанаваў забараніць шлюбы паміж стрыечнымі братамі і сёстрамі. У арыгінальным відэа няма фразы: «Містар Стармер, вы разумееце што робіце? Вы легалізуеце шлюбы паміж братамі і сёстрамі, паміж сваякамі». Няма ў ім і фрагмента пра тое, што «ангельцы вымруць».

Шлюб паміж найбліжэйшымі сваякамі — бацькамі і дзецьмі, роднымі братамі і сёстрамі, дзядзькамі, цёткамі і пляменнікамі — у Вялікай Брытаніі быў і застаецца забаронены. Стрыечных братоў і сёстраў у гэтым пераліку няма, значыць браць шлюб кузінам і кузэнам закон дазваляе. 

У снежні 2024-га дэпутат-кансерватар Рычард Холдэн прадставіў законапраект, які забараняе шлюбы паміж стрыечнымі братамі і сёстрамі. Гэта спарадзіла дыскусіі. Эксперты прызнаюць, што такія шлюбы паміж родзічамі павялічваюць рызыкі для здароўя дзяцей. Аднак апаненты кажуць, што поўная забарона не спрацуе, таму што яна цяжка выканальная, і можа выклікаць напругу ў грамадстве, бо такія шлюбы даволі распаўсюджаныя сярод пакістанскай грамады Вялікай Брытаніі.

У Беларусі шлюбы паміж стрыечнымі сёстрамі і братамі таксама наўпрост не забаронены. Не дазволены толькі саюзы паміж найбліжэйшымі сваякамі, прыкладам, бацькамі і дзецьмі, дзядулямі, бабулямі і ўнукамі, роднымі братамі і сёстрамі і ад аднаго агульнага бацькі, а таксама паміж усынаўляльнікамі і ўсыноўленымі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць