Антыфэйк / фактчэк Сёння

Інтэрв'ю Лукашэнкі часопісу Time б'е рэкорды? Праверылі заяву вядоўцы БТ

На дзяржтэлеканале распавялі, як гутарку прыняла аўдыторыя і сусветныя медыі.

Пасля публікацыі гутаркі з карэспандэнтам амерыканскага часопісу Time Сайманам Шустэрам запыт «Аляксандр Лукашэнка» у пошукавіках ізноў сярод самых папулярных, распавёў вядоўца Максім Угляніца ў праграме «Галоўны эфір». Каманда Weekly Top Fake высветліла, ці так папулярнае гэта інтэрв'ю.

Інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі амерыканскаму часопісу Time выклікала велізарную цікавасць як сярод інтэрнэт-аўдыторыі, гэтак і ў міжнародных медыях, распавёў вядоўца праграмы «Галоўны эфір» Максім Угляніца.  

«Інтэрв'ю прэзідэнта Беларусі для часопісу Time б'е ўсе рэкорды. Запыт у пошукавіках “Аляксандр Лукашэнка” ізноў у топе самых папулярных. Сусветныя інфармагенцтвы маюць шмат яркіх цытат на актуальныя тэмы», — заявіў вядоўца 10 жніўня ў эфіры «Першага інфармацыйнага» канала. Сярод гэтых інфармагенцтваў, напрыклад, Reuters, расказалі ў сюжэце на тую ж тэму далей у праграме і паказалі скрыншот публікацыі. 

Каманда WTF праверыла абедзве тэзы — пра папулярнасць інтэрв'ю сярод карыстальнікаў інтэрнэту і цытаванне выказванняў Аляксандра Лукашэнкі ў міравых медыях. 

У Беларусі ў дзень выхаду інтэрв'ю, 8 жніўня, і на наступны колькасць запытаў з прозвішчам Лукашэнка сапраўды павялічылася. Пра гэта сведчаць дадзеныя сэрвісу Google Trends, які дазваляе аналізаваць цікавасць да пэўнага запыту ці тэмы. Але рост быў не значны. Ужо 10 жніўня пайшоў спад. Запытаў пра канцэрт Макса Каржа ў Варшаве, гульні тэнісісткі Арыны Сабаленкі і дне будаўніка было больш. 

У Расеі «Лукашэнку» гуглілі радзей, чым у Беларусі. Расейцаў цікавіла свята і перамовы Уладзіміра Пуціна з Доналдам Трампам на Алясцы. Сярод англамоўных запытаў у ЗША Лукашэнка і ўвогуле не заўважны. Тая ж тэндэнцыя і ў астатнім свеце. Для параўнання: тэма падпісання пагаднення паміж Арменіяй і Азербайджанам цікавіла карыстальнікаў больш. Агулам, у свеце на рускай мове прозвішча Лукашэнка 8 жніўня гуглілі часцей, чым на ангельскай. 

Расейскія і кітайскія медыі сапраўды звярнулі ўвагу на інтэрв'ю. Напрыклад, кітайскае інфармагенцтва цытавала выказванні Лукашэнкі пра Кітай. Што да міжнароднага інфармацыйнага агенцтва Reuters: у эфіры паказалі скрыншот артыкула, дзе гаворка ідзе пра тэлефонную гутарку Лукашэнкі і Пуціна, а не пра інтэрв'ю Time. Пра яго ў гэтай публікацыі няма ні слова. Але журналісты WTF знайшлі на сайце Reuters іншую, звязаную з інтэрв'ю Time. Загаловак нататкі выглядае так: «Дасведчаны беларускі лідар Лукашэнка даў зразумець, што гэта можа быць яго апошні тэрмін». Пра гэта галоўным чынам і ідзе гаворка ў матэрыяле. Яго аўтары згадваюць таксама развагі Лукашэнкі пра пераемніка і заяву, што свайго сына Мікалая да гэтай ролі ён не рыхтуе. 

Падобным чынам двухгадзіннае інтэрв'ю асвятлілі і іншыя міжнародныя медыі: навінавая арганізацыя Al Jazeera, бельгійскае навінавае выданне Le Soir і шведская газета Dagens Nyheter расказалі пра словы Лукашэнкі наконт планаў на новы прэзідэнцкі тэрмін і сына Мікалая як пераемніка. 

Толькі польскае дзяржаўнае тэлебачанне TVP зацікавілася апроч будучых выбараў тэмай нелегальнай міграцыі. Аўтары працытавалі словы Лукашэнкі, што Беларусь — гэта галоўны транзітны маршрут у Заходнюю Еўропу для мігрантаў і ён не мае намеру нікога ад іх бараніць. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць