Антыфэйк / фактчэк

11 лютага

Ізраіль нанёс авіяўдар па больніцы ў сектары Газа? «Зеркало» распавяло пра нюансы таго, што адбылося

Многія сусветныя СМІ перадрукавалі гэтыя сцвярджэнні, не праверыўшы дакладнасць інфармацыі.

Партнёрскі матэрыял
На тэрыторыі шпіталя Аль-Ахлі ў сектары Газа 17 кастрычніка 2023 года прагрымеў выбух, які забраў мноства жыццяў. Праз некалькі гадзін ХАМАС заявіў, што трагедыя адбылася па віне ізраільскіх сіл — яны нанеслі авіяўдар па больніцы. Паводле звестак тэрарыстычнай групоўкі, там загінулі каля пяцісот чалавек. Яшчэ прыкладна трыста атрымалі раненні. 

Многія сусветныя СМІ перадрукавалі гэтыя сцвярджэнні, не праверыўшы дакладнасць інфармацыі. Але ці вінаваты Ізраіль насамрэч і ці быў выбух ад авіяўдару? Журналісты тэлеканалу CNN правялі расследаванне і прыйшлі да процілеглых высноваў. «Зеркало» распавяло падрабязнасці. 

Ізраіль заявіў, што не мае дачынення да выбуху на тэрыторыі шпіталя, а ракету, якая стала яго прычынай, выпусціла групоўка «Ісламскі джыхад». Гэта ж сказаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і пацвердзіла амерыканская выведка. 

І ваенныя эксперты, і журналісты CNN падкрэсліваюць, што атрымаць доступ да месца здарэння і сабраць там неабходныя доказы магчымасці не было. Але наяўныя ў іх распараджэнні матэрыялы паказваюць на тое, што выбух адбыўся не ад авіяўдару, а стаў вынікам падзення частак ракеты, якая разарвалася ў паветры, якую запусцілі з сектару Газа.

На фота і відэа з месца трагедыі бачна, што выбух адбыўся на запоўненай людзьмі паркоўцы ў двары больніцы Аль-Ахлі. Сам шпіталь застаўся практычна цэлы. На здымках не відаць значных пашкоджанняў навакольных больнічных будынкаў, толькі сляды апёкаў і згарэлыя аўтамабілі.

Тое, што выклікала выбух, пакінула на зямлі варонку прыкладна ў 30 сантыметраў глыбінёй і 90 на 90 сантыметраў шырынёй. Восем экспертаў па зброі і выбуховых рэчывах мяркуюць, што невялікі памер варонкі і шырокія паверхневыя пашкоджанні — не тыповая карціна пасля выбуху авіяцыйнай бомбы. Яна б знішчыла большасць аб'ектаў у месцы ўдару.

Пашкоджанні на аб'ектах шпіталя не адпавядаюць карціне, якая магла б быць пры Ізраільскім авіяўдары. Эксперты лічаць, што падзенне абломкаў — гэта найбольш верагодны сцэнар. Некаторыя пагадзіліся, што гэта падобна на наступствы выбуху ад ракетнага ўдару. 

Тое, што здарылася ў больніцы ў сектары Газа, не было авіяўдарам, лічыць Марк Гарласко, былы аналітык ваеннай выведкі і следчы ААН па ваенных злачынствах са шматгадовым досведам ацэнкі шкоды ад бомбаў.

«Нават самы маленькі авіяцыйны боепрыпас JDAM пакідае 3-метровую варонку», — кажа ён, маючы на ўвазе кіраваныя сістэмы «паветра — зямля», якія пастаўляюцца Ізраілю ЗША.

Аднак без рэшткаў боепрыпасаў або шрапнелі з месца здарэння нельга казаць пра гэта са стоадсоткавай упэўненасцю.

Крыніца: Reuters

Узніклі рознагалоссі і па колькасці загінулых. Дырэктар суседняга шпіталя Аль-Шыфа, куды прывозілі параненых і загінулых, сказаў, што, па яго падліках, праз выбух загінулі каля 250 чалавек, а не 471, як пазней заявіў ХАМАС. 

Паводле звестак выведкі ЗША, колькасць ахвяр знаходзіцца «ў ніжняй частцы дыяпазону ад 100 да 300». Агенцтва AFP, спасылаючыся на словы неназванай «высокапастаўленай крыніцы з еўрапейскай выведкі», паведаміла пра не больш чым 50 загінулых. Іх карэспандэнт пабываў на месцы трагедыі і бачыў некалькі дзясяткаў целаў.

Журналісты CNN адзначылі, што пацвердзіць дакладную колькасць загінулых у незалежных крыніц складана. Аднак па фотаздымках з сацсетак можна меркаваць аб маштабах трагедыі. На іх адлюстравана, як маленькіх дзяцей, пакрытых пылам, вязуць для аказання меддапамогі. На зямлі ляжаць целы загінулых.

У распараджэнні CNN ёсць відэа, дзе відаць, што ўвечары перад выбухам у небе над Газай быў шквал ракетных абстрэлаў. Тэлеканал «Аль-Джазіра» ўсталяваў камеру на захадзе сектару ў кірунку ўсходу. На кадрах а 18:59 па мясцовым часе можна заўважыць, як ракета, якую выпусцілі з сектару Газа, ляцела па ўзыходзячай траекторыі, але потым яе кірунак памяняўся і яна выбухнула. Праз некалькі імгненняў на зямлі адбылося два выбухі. Адзін з іх у шпіталі Аль-Ахлі. 

Відэа «Аль-Джазіры» пракаментавала некалькі экспертаў па ўзбраенні. Яны заўважылі на запісе, як ракета ў небе загараецца перад тым, як зваліцца. Аднак яны агаворваюцца, што не могуць з упэўненасцю сказаць, што гэта і выбух на тэрыторыі больніцы звязана паміж сабой. Таму што дакладна разлічыць траекторыю няспраўнай ракеты немагчыма.

«Я лічу, што адбылося менавіта гэта — ракета выйшла са строю і ўпала па частках. Верагодна, яна па нейкай прычыне развалілася ў паветры, і корпус ракеты ўпаў на аўтастаянку. Там рэшткі ракетнага паліва загарэліся і загарэліся аўтамабілі і іншае паліва, якое знаходзілася на месцы, што выклікала вялікі выбух, які мы бачылі», — растлумачыў CNN Маркус Шылер, еўрапейскі эксперт па ракетах, які працаваў над аналізам для NATO і Еўрапейскага звязу.

Праз хвіліну пасля выбуху — а 19:00 — крыло ХАМАС «Брыгады Аль-Касам» напісала ў сябе ў тэлеграм-канале, што абстраляла ракетамі Ашдод. Гэта прыбярэжны ізраільскі горад, размешчаны на поўначы ад сектару Газа.

Яшчэ праз некалькі хвілін у тэлеграм-канале «Ісламскага джыхаду» з'явілася паведамленне, што яны ўдарылі па Тэль-Авіве.

Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) апублікавала аўдыязапіс. На ім, як яны сцвярджаюць, запісана, як баевікі ХАМАС абмяркоўваюць выбух, які адбыўся ў больніцы і кажуць, што віной усяму ракета, запушчаная «Ісламскім джыхадам». Месцам запуску яны называюць «могілкі за больніцай». Журналісты CNN прагледзелі здымкі са спадарожніка, зробленыя за некалькі дзён да трагедыі, аднак не ўбачылі ніякіх доказаў, што там была ракетная пляцоўка. Яны таксама кажуць, што праверыць, ці сапраўдны запіс, немагчыма. 

Аднак «Зеркало» адзначае, што ў баевікоў, якія абмяркоўвалі тое, што адбылося толькі што, магло не быць дакладнай інфармацыі, адкуль канкрэтна вёўся запуск ракет. А для Ізраілю запіс — доказ таго, што ХАМАС ведаў, што ракета запушчана з іх тэрыторыі і не даляцела да цэлі, і «вырашыў перакласці адказнасць на ЦАХАЛ».

Прывезці на месца выбуху незалежных экспертаў, каб яны сабралі неабвержныя доказы, хто ўсё ж такі стаіць за тым, што здарылася, будзе складана. Але Марк Гарласко, былы аналітык ваеннай выведкі і следчы ААН па ваенных злачынствах, кажа, што доказаў на тэрыторыі шпіталя Аль-Ахлі, падобна, і няма.

«Калі я даследую месца патэнцыйнага ваеннага злачынства, першае, што я раблю, гэта знаходжу і ідэнтыфікую часткі зброі. Зброя раскажа вам, хто гэта зрабіў і як. Я ніколі не бачыў такой адсутнасці рэчыўных доказаў зброі на месцы злачынства. Ніколі. Пасля здзейсненага факту заўсёды застаецца кавалак бомбы. За 20 гадоў расследавання ваенных злачынстваў я ўпершыню не ўбачыў рэшткаў снарада. А я працаваў на трох войнах у сектары Газа», — тлумачыць эксперт.

На наступны дзень пасля выбуху журналіст CNN пабываў у шпіталі і зняў, што там адбывалася. На запісе відаць, што на месцы здарэння ходзіць шмат людзей. У такой абстаноўцы ёсць вялікая рызыка, што рэчдокі проста знікнуць або будуць падробленыя. 

За пяць дзён з моманту выбуху ХАМАС, які абвінаваціў ва ўсім Ізраіль, не падаў ніякіх доказаў у пацверджанне сваіх заяў. Улады Газы не агучваюць ніякай інфармацыі пра загінулых і пацярпелых пры выбуху — целаў усіх ахвяр не паказалі, спісы імёнаў не апублікавалі.

The New York Times 22 кастрычніка 2023 года апублікавала матэрыял, дзе сказана, што «высокапастаўлены прадстаўнік ХАМАС заявіў, што “нічога не засталося"».

ЦАХАЛ 21 кастрычніка распавёў, што за два тыдні, з 7 кастрычніка 2023 года, з сектару Газа па Ізраілі няўдала запусцілі каля 550 ракет.

Крыніца: ЦАХАЛ / карта няўдалых запускаў ракет з 7 па 21 кастрычніка ў сектары Газа

Яны ўпалі на тэрыторыю самога сектару Газа. Сілы абароны Ізраілю таксама дадалі, што сусветныя медыі трапілі ў пастку дэзынфармацыі ХАМАС.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі