Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Небывалы ўсплёск банкруцтваў» у Літве? На News.by выдалі спад за рост

У эфіры заявілі пра бізнес-крызіс у Літве. Але банкруцтваў стала менш, а новых юрыдычных асобаў рэгіструюць больш, чым закрываюць.

На Першым інфармацыйным тэлеканале заявілі, што ў Літве нібыта адбыўся небывалы ўсплёск банкруцтваў. У доказ прывялі больш за 220 судовых справаў пра неплацежаздольнасць кампаніяў за першы квартал 2026 года. Але гэтая лічба не паказвае рост: у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года колькасць такіх справаў, наадварот, знізілася.

Кантэкст: Урад Літвы па прапанове Мінабароны 12 жніўня 2026 года ухваліў будаўніцтва абарончых равоў, загарод і аднаўленне балотаў на мяжы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю. Гэта частка больш шырокай праграмы вайсковых прыгатаванняў краін Балтыі на выпадак эскалацыі з Расеяй і Беларуссю. Праект абыдзецца прыкладна ў €50 млн, завяршыць яго плануюць да 2028 года.

9 жніўня 2026 года на Першым інфармацыйным тэлеканале* паспрабавалі паказаць, што ўлады Літвы трацяць грошы на «неабгрунтаваную мілітарызацыю» «ва ўгоду вонкавапалітычным амбіцыям» замест развязання эканамічных праблемаў, а вынікам гэтага нібыта стаў рост ліку банкруцтваў.

«У Літве зафіксаваны небывалы ўсплёск банкруцтваў. Толькі за першы квартал гэтага года суд адкрыў больш за 220 справаў пра неплацежаздольнасць кампаніяў. Акрамя таго, паведамляецца пра каласальныя запазычанасці з боку ўжо раней ліквідаваных фірмаў. Гаворка пра больш чым €80 млн. Эксперты звязваюць бізнес-крызіс з адсутнасцю прадказальнасці ўмоваў для развіцця: вытворчыя выдаткі растуць, а пакупніцкая здольнасць падае», — заявіў вядоўца эфіру.

Паводле дадзеных літоўскага нагляднага ведамства AVNT, у першым квартале 2026 года сапраўды было пачата больш за 220 судовых справаў пра банкруцтва. Але «небывалага ўсплёску» няма: гэта на 12% менш, чым за той жа перыяд годам раней. Нават калі дадаць пазасудовыя банкруцтвы, агульны лік складзе 260. І гэта таксама зніжэнне — амаль на 10% у параўнанні з мінулым годам.

Не пацвярджаецца і тэза пра масавае закрыццё кампаніяў. У рэестры юрыдычных асобаў Літвы за першае паўгоддзе з’явілася больш за 12 тыс. новых юрыдычных асобаў, а выключылі з яго крыху больш за 3,5 тыс. То бок новых кампаніяў зарэгістравалі амаль у 3,5 разу больш, чым закрылі. Гэта яшчэ і змена трэнду: апошнія чатыры гады ў першых паўгоддзях кампаніяў закрывалася больш, чым адкрывалася новых.

Тэза пра падзенне пакупніцкай здольнасці таксама патрабуе кантэксту. У 2025 годзе рэальны заробак жыхароў Літвы, то бок з улікам інфляцыі, вырас амаль на 4%.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць