Тэлеграм-канал «Шкварка News» паведаміў, што пасля публікацыі скандальнага відэа з цягніка да Кіева прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон нібыта звольніў супрацоўніка сваёй прэсавай службы. Па версіі аўтараў, ён страціў працу за тое, што без узгаднення распаўсюдзіў кадры з «падазронай какаінавай сурвэткай».
«Супрацоўніка прэсавай службы Макрона, які апублікаваў відэа з цягніка да Кіева, звольнілі па фармальных прычынах. Супрацоўнік, які адказваў за інфармацыйнае суправаджэнне падарожжа, страціў працу, таму што нібыта не ўзгадніў матэрыялаў для прэсавага рассылання, і відэа з падазронай какаінавай сурвэткай трапіла ў медыі. Сам супрацоўнік лічыць, што ён проста "ўбачыў і зняў" тое, што не павінен быў, а прычына звальнення фармальная», — напісалі аўтары тэлеграм-каналу 15 траўня 2025 года.
Відэа, пра якое ідзе гаворка, знята падчас сумеснага падарожжа ў Кіеў лідараў Францыі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі. На кадрах бачна, што на стале перад Эмануэлем Макронам, Фрыдрыхам Мерцам і Кірам Стармерам ляжыць белы прадмет. Заўважыўшы журналістаў, Макрон схаваў яго ў кішэню. Расейскія медыя сцвярджаюць, што гэта пакет з белым парашком. Такую версію прасоўвалі ў сацсетках і афіцыйныя асобы Расеі — у тым ліку прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава і экс-прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў.
Да пасту пра «какаінавую сурвэтку» аўтары «Шкварка News» далучылі ролік, грунтуючыся на якім, мабыць, і напісалі пост. У ім ёсць спасылкі на буйную амерыканскую газету і навінавую кампанію USA Today. У відэа таксама згадваюць імя нібыта звольненага прэсавы сакратара — Антуан Дам'е.
У адміністрацыі Макрона афіцыйна няма пасады прэсавага сакратара, а ў аддзеле камунікацый Елісейскага палацу не лічыцца супрацоўнік з такім прозвішчам. Чалавека, які займае пасаду дарадцы па нацыянальнай камунікацыі, клічуць Жонар Баяр, а па міжнародных камунікацыях — Жан-Наэль Ладуа.
Ані USA Today, ані іншыя аўтарытэтныя медыі не пісалі пра звальненне прэсавага сакратара Макрона пасля падарожжа ў Кіеў. Відэа з сурвэткай, якое тэлеграм-канал назваў скандальным, апублікавала не прэсавая служба прэзідэнта Францыі, а навінавае агенцтва Agence France-Presse. Яго аўтар — фотакарэспандэнт Людовік Марын.
Адміністрацыя прэзідэнта Францыі таксама аспрэчыла гэтыя чуткі, апублікаваўшы павялічаную выяву прадмета, які ляжаў на стале перад палітыкам. Гэта звычайная папяровая сурвэтка.