Антыфэйк / фактчэк 30 красавіка 2025

МУС супакойвае: мігранты з Пакістана не едуць, злачынстваў не здзяйсняюць. Мы знайшлі і мігрантаў, і злачынствы

Лукашэнка напачатку красавіка заявіў, што гатовы прыняць да 150 тыс. пакістанцаў з семʼямі.

Мігранты з Пакістана не прыязджаюць у Беларусь і, адпаведна, не здзяйсняюць злачынстваў на тэрыторыі краіны, сцвярджаюць у МУС. Каманда Weekly Top Fake высветліла, ці праўдзівая заява сілавой установы.

Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка 2025 года заявіў, што Беларусь гатова прыняць каля 100–150 тыс. адмыслоўцаў з Пакістана з семʼямі. Пасля гэтага ў сацсетках зʼявіліся публікацыі з інфармацыяй, што мігранты ўжо пачалі масава прыязджаць у нашу краіну. Таксама карыстальнікі паведамлялі пра выпадкі гвалту з іх боку. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, спрабуючы супакоіць грамадзянаў, 23 красавіка выпусціла афіцыйную заяву:

«На розных інтэрнэт-рэсурсах працягвае шырыцца фэйкавая і правакацыйная інфармацыя на тэму заезду ў Беларусь 150 тысяч грамадзянаў Пакістана. Укіды таксама ўтрымліваюць цверджанні, што пакістанцамі ўжо здзейснены шэраг злачынстваў. У гэтай сувязі МУС афіцыйна заяўляе: міграцыйныя плыні з Пакістана адсутнічаюць, роўна як і злачынствы, здзейсненыя выхадцамі з гэтай дзяржавы!»

Колькасць працоўных мігрантаў за апошнія гады ў Беларусі вырасла, аднак у лідарах не пакістанцы, а расейцы, кітайцы, туркмены і ўкраінцы. Сярод выяўленых мігрантаў, што нелегальна патрапілі ў нашу краіну, больш за ўсё афганцаў, потым ідуць сірыйцы, іранцы і індыйцы. Але сказаць, што з Пакістана міграцыйныя плыні адсутнічаюць, нельга. У сакавіку 2025 года МУС паведаміла, што ў аграмястэчку Калодзішчы пад Менскам выявілі 23 замежнікі, у тым ліку з Пакістана. Усе яны няпраўна прыехалі ў Беларусь з Расеі, скіроўваючыся ў ЕЗ. Усіх іх у выніку дэпартавалі. Летась у Калодзішчах зафіксавалі два падобныя выпадкі.

Таксама нельга сцвярджаць, што грамадзяне Пакістана не здзяйсняюць злачынстваў на тэрыторыі Беларусі. Прыкладам, у сакавіку 2025 года суд у Слуцку аштрафаваў і прысудзіў да турэмнага тэрміну двух пакістанцаў — яны вымагалі грошы ў грамадзяніна Індыі, пагражаючы забойствам і ўжываючы гвалт.

Ідэю прыцягнуць грамадзянаў Пакістана на працу абмяркоўваюць і ў Расеі. Для іх разглядаюць спрашчэнне візавага рэжыму. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў РФ бракуе працаўнікоў.

Пакістан займае сёмае месца сярод краін‑крыніц мігрантаў па ўсім свеце. Бюро эміграцыі і замежнай занятасці падлічыла, што за апошнія 50 гадоў больш 10 млн грамадзянаў гэтай краіны афіцыйна пакінулі радзіму для заробку за мяжой. Сярод прычын гэтага: нястача працоўных месцаў, нізкія зарплаты, палітычная і эканамічная нестабільнасць. Апроч таго, пад канец красавіка — напачатку траўня 2025 года абвастрыўся тэрытарыяльны канфлікт з Індыяй.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць