Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Яны не патрэбныя ў Еўропе»: ці праўда, што ЕЗ не купляе малдаўскае віно і садавіну

Галоўрэд «Менскага кур'ера» заявіў, што тавары з Малдовы запатрабаваны толькі на постсавецкім рынку.

Рэдактар «Менскага кур'ера» Кірыл Казакоў заявіў, што віно, гародніна і садавіна з Малдовы не цікавяць Еўропу. Журналісты Weekly Top Fake параўналі гэта з афіцыйнай статыстыкай — і атрымалі зусім іншую карціну.

10 ліпеня 2025 года ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё абмеркавалі саміт Малдовы і ЕЗ. Галоўны рэдактар газеты «Менскі кур'ер» Казакоў заявіў, што інтэграцыя з Еўропай не дасць «малдаўскім фермерам і невялікай колькасці прамыслоўцаў ніякіх плюсаў»: 

«Малдаўскія тавары не могуць нідзе прадавацца, апроч як у Малдове і на прасторы былога Савецкага Саюзу. Малдаўскае віно, шчыра і адкрыта кажучы, нягледзячы на тое, што яно вельмі добрае і любімае ў тым ліку беларусамі, не прадаецца ў Еўропе. Таму што яно там нікому не патрэбна. Малдаўская гародніна і садавіна, гэтак жа, нягледзячы на тое, што яны добрыя, якасныя, яны не патрэбныя ў Еўропе». 

Пераарыентацыя экспарту з Усходу на Захад

У 1997 годзе амаль 70% усяго малдаўскага экспарту сапраўды ішло ў СНД.

Пра гэта сведчаць дадзеныя Нацыянальнага бюро статыстыкі Малдовы. Галоўным партнёрам тады заставалася Расея. Еўразвяз і тыя дзяржавы, якія ўвайшлі ў яго пазней, займалі толькі 20% вонкавага рынку краіны. [*]

Але да 2024 года сітуацыя змянілася з дакладнасцю да наадварот. Амаль 70% прадукцыі Малдова зараз экспартуе ў краіны ЕЗ. Расея страціла былы статус галоўнага спажыўца: аб'ём паставак туды скараціўся амаль у 20 разоў.

Ключавымі партнёрамі Малдовы сталі: Румынія, Італія, Чэхія, Украіна і Турцыя. [*]

Віно, садавіна: куды і колькі ідзе

У 2024-м малдаўскія вінаробы ўстанавілі гістарычны рэкорд: экспарт перавысіў $235 млн, павялічыўшыся на 22% у параўнанні з папярэднім годам. Узрост забяспечыла віно прэміяльнага сегменту.

Доля ЕЗ у экспарце напояў — 30%. [*] Гэта ўжо больш, чым у СНД (17%). Еўрапейскі рынак не толькі купляе малдаўскае віно, насуперак словам Казакова, але і павялічвае закупы. Да таго ж Малдова нарасціла продажы па-за краінамі СНД і ЕЗ.

Тое ж — з садавіной. Напрыклад, экспарт яблыкаў у ЕЗ у 2024 годзе вырас на 12%. 

Гэта даказвае, што заява галоўнага рэдактара «Менскага кур'ера» пра незапатрабаванасць малдаўскай прадукцыі на Захадзе не адпавядае рэчаіснасці.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць