Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Вэнс антыпод Зяленскага? Што не так з сюжэтам «Рэдакцыі» пра перамовы ў Мюнхене
Кадры з кароткім адказам віцэ-прэзідэнта ЗША, якія паказалі ў навінавым выпуску «Редакции».
Расейскі журналіст Аляксей Півавараў параўнаў паводзіны ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса пасля перамоваў на Канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене. Каманда Weekly Top Fake знайшла недакладнасці ў яго аповедзе.
Падчас 61-й Канферэнцыі па бяспецы, якая прайшла 14-16 лютага 2025 года ў Мюнхене, віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Расейскі журналіст Аляксей Півавараў, каментуючы гэтую падзею 16 лютага ў выпуску навін на YouTube-канале «Редакция», заявіў, што ўкраінскі бок пасля перамоваў палічыў за лепшае захоўваць маўчанне, у адрозненне ад амерыканскага.
«Пасля сустрэчы з Джэй Дзі Вэнсам, у якой таксама ўдзельнічалі амерыканскі дзяржсакратар Марка Руб’ёў і спецпасланнік Трампа Кіт Келаг, Зяленскі і кіраўнік яго Офісу Андрэй Ярмак хутка з'ехалі, адмовіўшыся размаўляць з журналістамі. Віцэ-прэзідэнт ЗША, наадварот, знаходзіўся ў цалкам гаваркім настроі», — распавёў журналіст. У пацверджанне гэтых слоў паказалі ўрывак відэа, на якім Джэй Дзі Вэнс, праходзячы міма журналістаў, адказвае «вядома» на пытанне з натоўпу: «Містэр Вэнс, ці гатовыя вы прыехаць у Расею для мірных перамоваў па Украіне?»
Першапачаткова сустрэча палітыкаў планавалася на раніцу, але адбылася ўвечары, пасля 17:00. Тэлеграм-канал «РБК-Україна» паведаміў пра яе пачатак а 17:30, а а 18:40 напісаў пра вынікі. Пасля перамоваў Джэй Дзі Вэнс і Уладзімір Зяленскі зрабілі сумесную заяву і абодва адмовіліся адказваць на пытанні журналістаў.
Кадры з кароткім адказам віцэ-прэзідэнта ЗША, якія паказалі ў навінавым выпуску «Редакции», знятыя не пасля перамоваў, а да іх. Гэта ж відэа каманда WTFзнайшла на сайце расейскай газеты «Известия», яго апублікавалі а 16:40 па Маскве або а 14:40 па Мюнхене. Бачна, што размова адбываецца ў светлы час содняў.