Антыфэйк / фактчэк 28 лютага 2025

На СТБ распавялі пра крызіс польскага бізнесу, але паказалі не тое месца не ў той час

Каманда WTF устанавіла, што бязлюдныя гандлёвыя цэнтры, паказаныя на відэа, знаходзяцца не ў Беластоку.

Праз закрыццё памежных пераходаў на польска-беларускай мяжы ў Беластоку пустуюць крамы, разлічаныя на памежны гандаль, распавялі ў праграме «Навіны» на СТБ. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гандлёвыя цэнтры — не ў Беластоку і не пустуюць. 

Бізнесоўцы Падляшша (памежны польскі рэгіён) скардзяцца, што церпяць страты праз закрыццё памежных пераходаў паміж Польшчай і Беларуссю. На момант выхаду нататкі з шасці працавала толькі два: адзін для пасажырскага руху, другі — для грузавога. Прадпрымальнікі запатрабавалі ад польскіх уладаў адкрыць хаця б яшчэ адзін памежны пераход. Распавядаючы пра гэта, у «Навінах» на тэлеканале СТБ 12 лютага 2025 года паказалі, як пацярпеў гандаль у Беластоку, адміністрацыйным цэнтры Падляскага ваяводства. 

«Праз дзеянні польскага ўраду становішча прадпрымальнікаў без перабольшання стала бядотным. Масава зачыняюцца крамы, якія разлічаны якраз на памежны гандаль. Толькі ў Беластоку для гэтага былі пабудаваныя сем буйных супермаркетаў. Цяпер яны пустуюць. Гаспадары гандлёвых кропак не могуць аплаціць арэнду і пагасіць крэдыты, узятыя на вядзенне бізнесу. Супрацоўнікі губляюць працу», — распавяла вядоўца праграмы.

Каманда WTF устанавіла, што бязлюдныя гандлёвыя цэнтры, паказаныя на відэа, знаходзяцца не ў Беластоку. Знялі іх чатыры гады таму, падчас пандэміі каронавіруса. 

Адным з ГЦ, які паказалі ў сюжэце СТБ, апынулася Galeria Bałtycka ў Гданьску. Гэты горад знаходзіцца на поўначы Польшчы, у адрозненні ад Беластоку, які знаходзіцца на ўсходзе. Арыгінал відэа апублікавалі ў інтэрнэце 20 сакавіка 2020 года. У матэрыяле СТБ кадры з яго паказаны ў люстраным адбітку.

Другі гандлёвы цэнтр, паказаны СТБ, таксама знаходзіцца ў Гданьску і называецца Forum Gdańsk. Арыгінальнае відэа, якое выкарыстаў дзяржаўны тэлеканал, таксама было апублікавана ў 2020 годзе. 

Акрамя таго, журналісты WTF у пятніцу ўвечары, 21 лютага 2025 года, пабывалі ў гандлёвым цэнтры Alfa і гіпермаркеце Auchan у Беластоку. На кадрах, зробленых там, бачна, што пакупнікі ў крамах ёсць. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць