Пра падзеі 1939 года палітолаг Андрэй Лазуткін разважаў у эфіры ютуб-каналу «Палітыка. Менская праўда» 19 верасня 2025 года. Ён заявіў, што Савецкі Саюз насамрэч не нападаў на Польшчу:
«Насамрэч мы ж не абвяшчалі вайны той міжваеннай Польшчы. То бок, яна спыніла сваё існаванне ў той момант, калі мы ўжо пераходзілі мяжу 17 верасня. Там быў урад у Варшаве, які ўжо збег праз румынскую мяжу. І мы на іх не нападалі, а мы баранілі тое беларускае і ўкраінскае насельніцтва, якое было на тэрыторыі Усходняй Польшчы».
СССР сапраўды афіцыйна не абвяшчаў вайны Польшчы. Раніцай 17 верасня 1939 года Савецкі Саюз уручыў польскаму амбасадару ноту, у якой гаварылася, што польска-германская вайна паказала бездапаможнасць польскай дзяржавы, краіна страціла сталіцу, а ўрад фактычна перастаў існаваць. Таму савецкае кіраўніцтва аддало войскам загад «узяць пад сваю абарону» насельніцтва Заходніх Украіны і Беларусі.
Словы Лазуткіна пацвярджае беларускі афіцыйны падручнік гісторыі для 11 класа. Там сказана, што польскі ўрад нібыта збег за дзень да ўваходу савецкіх войскаў у Польшчу, то бок 16 верасня. Аднак польскія афіцыйныя крыніцы апісваюць іншую карціну: прэзідэнт Ігнацы Масьціцкі і ўрад перайшоў мяжу з Румыніяй позна ўвечары 17 верасня, ужо пасля пачатку савецкага наступу.
Каманда WTF праверыла, што пра гэтыя падзеі сказана ў гістарычных крыніцах краін, што не ўдзельнічалі ў канфлікце. Напрыклад, на сайце ўраду Румыніі напісана: «Прэзідэнт Ігнацы Масьціцкі і чальцы польскага ўраду ў поўным складзе перасеклі мяжу ў ноч з нядзелі 17 на панядзелак 18 верасня 1939 года, знайшлі сховішча ў Чарнаўцах і былі прынятыя ў Дварцы мітрапаліта».
Гэту дату называла і замежная прэса таго часу: «Сутыкнуўшыся з падвойным уварваннем на сваю тэрыторыю і выяўным крахам сваіх арміяў, польскі ўрад адправіўся ў Румынію. Магчыма, ён адновіць уладу дзе-небудзь у Заходняй Еўропе», — сказана ў матэрыяле газеты The Sun за 18 верасня 1939 года.
Польскі прэзідэнт у звароце да народу 17 верасня заявіў, што рашэнне пакінуць краіну прадыктавана нападам як з захаду, гэтак і з усходу. Нямецкія войскі захапілі Варшаву толькі 28 верасня. Апошняя буйная бітва польскіх войскаў супраць савецкіх адбылася 1 кастрычніка 1939 года каля вёскі Вытычна ў Люблінскім ваяводстве.