Антыфэйк / фактчэк

Учора

Еўрапейцаў прымушаюць есці чарвякоў? «ЖС Premium» паказаў ролік з дадаткамі, якія ёсць і ў беларускіх прадуктах

Абедзве дабаўкі робяць з насякомых. І абедзве дазволеныя і выкарыстоўваюцца ў Беларусі.

Еўрапейцы незадаволеныя дазволам дадаваць у прадукты муку з мучных чарвякоў, напісалі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium». Каманда Weekly Top Fake высветліла, якіх насякомых знаходзяць пакупнікі ў прадуктах і ці навіна гэта. 

Еўракамісія з 10 лютага 2025 года дазволіла выкарыстоўваць у вытворчасці харчовых прадуктаў парашок з мучнога чарвяка (напрыклад, для прыгатавання хлеба, выпечкі, макарону, сыру і іншых). У той жа дзень тэлеграм-канал «ЖС Premium» апублікаваў пост, як еўрапейцы незадаволеныя прымусовым выкарыстаннем у рэцэптурах насякомых і цяпер правяраюць прадукты на іх утрыманне:

«Ужо з 10 лютага гэтага года ў рацыён еўрапейцаў на добраахвотна-прымусовых пачатках павінны ўварвацца бялковыя дабаўкі з молатых насякомых. <...>

Аднак, шараговыя грамадзяне не збіраюцца мірыцца з такой абноўкай рацыёну. У сетцы з'явіліся ролікі, дзе нямецкія пакупнікі скануюць прадукты на прылаўках пры дапамозе адмысловага мабільнага дадатку. Ён паказвае, у якіх з тавараў хітрыя вытворцы бадзяжылі насякомых».

Да посту дадалі відэа, на якім паказана, як з дапамогай прыкладання на смартфоне пакупнікі даведваюцца, што ў прадукце ёсць насякомыя.

На самай справе дазвол на даданне спецыфічнага бялковага кампанента ў склад сваёй прадукцыі атрымала адна кампанія. На прадуктах з гэтым інгрэдыентам рэкамендавана размяшчаць папярэджанне пра магчымую алергічную рэакцыю. 

Прыкладанне для сканавання складу прадуктаў на дабаўкі з насякомых існуе. І гэта не навінка, як і ролік, паказаны ў тэлеграм-канале. Арыгінальнае відэа апублікавалі паўтара гады таму — у верасні 2023 года. У ім паказана, што з дапамогай прыкладання выявілі ў складзе ёгурту, печыва і іншых прадуктаў харчовыя дабаўкі Е120 або Е904. 

Першая — Е120 — гэта натуральны чырвоны фарбавальнік кармін. Часцей за ўсё ён ужываецца ў вытворчасці мясных і каўбасных вырабаў, алкагольных і безалкагольных напояў, кетчупаў, соусаў, малочных прадуктаў. Другая — Е904 — натуральная смала шэлак. Яе можна знайсці ў кандытарскіх вырабах. Шэлакам таксама пакрываюць свежую садавіну для захавання вільгаці. 

Абедзве дабаўкі робяць з насякомых. І абедзве дазволеныя і выкарыстоўваюцца ў Беларусі. Кармін можна знайсці ў ёгуртах «Савушкін прадукт» і «Беллакт», цукерках фабрыкі «Камунарка» і мармеладзе «Чырвонага харчавіка». Е904 ёсць у дражэ вытворчасці кампаніі «Караван XXI стагоддзе».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі