Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Вядоўца Лебедзева заявіла, што навукоўцы з нацысцкай Нямеччыны працавалі на NATO. Высветлілі, на каго яшчэ

Вернер фон Браўн сапраўды працаваў на Трэці Рэйх, ён распрацаваў ракету V-2 — папярэдніцу амерыканскіх і савецкіх міжкантынентальных балістычных ракет.

Пасля Другой сусветнай вайны ЗША выкарыстоўвалі навукоўцаў з нацысцкай Нямеччыны для развіцця сваіх узбраенняў, папракнула амерыканцаў вядоўца «Беларусь 1» Ксенія Лебедзева ў эфіры СТБ. Каманда Weekly Top Fake высветліла, хто яшчэ паляваў на веды нямецкіх навукоўцаў.

Цікавасць да нямецкіх навукоўцаў з боку ЦРУ і NATO вядоўца «Беларусь 1» Ксенія Лебедзева і Рыгор Азаронак абмеркавалі 6 снежня 2024 года ў эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост». 

— Вельмі шкада, што ўсіх гэтых эсэсаўцаў, усіх гэтых карнікаў не расстралялі тады на Нюрнбергу. Вельмі шкада, што ў іх з'явілася магчымасць бегчы ў Канаду, у Аргенціну. Што ў іх з'явілася магчымасць працаваць на ЦРУ пасля, на NATO. Яны свае веды пасля гэтага ўзялі і перадавалі, і даследаванні на людзях. Яны ж іх перадалі каму? ЦРУ і NATO. Цяпер гэтыя, у тым ліку псіхалагічнае ўздзеянне, усё гэта цяпер ужываецца на нас, — распавяла Ксенія Лебедзева.

— Вернер фон Браўн, ракеты, якія ён рабіў для Гітлера, ён потым цалкам сабе рабіў для ЗША, — дадаў Азаронак.

— Вядома, так шмат тэхналогій. А інфармацыя ўся перадавалася менавіта для ЦРУ, для NATO былі важныя гэтыя людзі, якія збеглі тады з постсавецкай прасторы, — працягнула Лебедзева.   

Вернер фон Браўн сапраўды працаваў на Трэці Рэйх, ён распрацаваў ракету V-2 — папярэдніцу амерыканскіх і савецкіх міжкантынентальных балістычных ракет. А пасля паразы Нямеччыны ў вайне здаўся і працягнуў працаваць ужо на амерыканцаў, у тым ліку ў касмічнай галіне. Дзякуючы яму ракета Apollo даставіла чалавека на Месяц. 

Вернер фон Браўн — не адзіны нацысцкі навуковец, які працягнуў працаваць на Захад. Напрыклад, у рамках праекту «Сашчэпка» ЗША таемна вывезлі з Нямеччыны больш за 1,5 тысячы нямецкіх навукоўцаў. 

Тэхналогіі Трэцяга Рэйха цікавілі не толькі Захад, але і СССР. У Савецкага Саюза быў свой праект па вывазе каштоўных спецыялістаў з Нямеччыны пасля вайны, называўся ГСААВІЯХІМ. У рамках гэтай праграмы ў кастрычніку 1946 года ў СССР перавезлі каля васьмі тысяч спецыялістаў з Усходняй Нямеччыны.

Для рэалізацыі атамнага праекту савецкае кіраўніцтва запрасіла ў краіну больш за 300 немцаў, уключна з чальцамі іх сем'яў. Сярод іх былі фізікі-ядравікі, інжынеры-ракетабудаўнікі і хімікі, якія пасля ўдзельнічалі ў распрацоўцы першай савецкай атамнай бомбы.

У афіцыйнай электроннай бібліятэцы, прысвечанай гісторыі атамнай галіны Расеі і створанай карпарацыяй «Росатом», захаваліся анкеты некаторых з гэтых спецыялістаў, якія яны запаўнялі пры пераездзе. Напрыклад, Густаў Герц — фізік і Нобелеўскі лаўрэат, які атрымаў ад СССР Сталінскую прэмію. Петэр Тысэн — нямецкі хімік, які таксама атрымаў некалькі прэмій і ордэнаў ад Савецкага Саюза, у тым ліку вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду ў галіне навукі і тэхнікі таго часу. Манфрэд фон Ардэнэ — фізік-вынаходнік, дзякуючы якому ў СССР з'явілася першая атамная бомба. Двойчы ён станавіўся лаўрэатам Сталінскай прэміі. 

Акрамя таго, Савецкі Саюз шукаў каштоўныя кадры сярод нямецкіх ваеннапалонных у лагерах і выкарыстоўваў іх досвед нягледзячы на мінулае гэтых людзей. Захавалася дакладная запіска 1946 года Іосіфу Сталіну аб колькасці знойдзеных высокакваліфікаваных спецыялістаў сярод ваеннапалонных у лагерах МУС СССР. Усяго знайшлі каля 1600 чалавек. Сярод іх — інжынеры-хімікі, спецыялісты па газавых турбінах, у галіне нізкіх тэмператур, авіяцыйных матораў і іншыя.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі