Антыфэйк / фактчэк Сёння

Блэкаўт у Літве: News.by выдаў гадзіннае адключэнне святла за сістэмную праблему

Вядоўца «Навін» звязаў адсутнасць электрычнасці з выхадам краіны з БРЭЛЛ.

Блэкаўты сталі новай рэчаіснасцю Літвы праз адключэнне ад расейска-беларускага энергетычнага кольца, распавялі ў эфіры News.by. Каманда Weekly Top Fake высветліла, як насамрэч адключэнне ад БРЭЛЛ паўплывала на электразабеспячэнне ў краіне.

Кантэкст: У розных кутках свету ліквідуюць наступствы непагадзі ў студзені 2026 года. Камчатку накрылі анамальныя снегапады — самыя магутныя за апошнія дзесяцігоддзі. У сацыяльных сетках публікуюць фотаздымкі з вуліц, што патанулі ў гурбах вышэй за чалавечы рост. Стыхія дабралася і да захаду Турцыі, а таксама некаторых еўрапейскіх краін. У Лапландыі тэмпература апускалася да мінус 37 градусаў, праз што аэрапорт часова прыпыняў абслугоўванне рэйсаў. У Менску маразы адбіліся сур'ёзнымі камунальнымі праблемамі: без цяпла засталіся пяць з дзевяці раёнаў гораду і каля трох тысяч дамоў. Трубы не вытрымалі нагрузкі, выкліканай высокай тэмпературай вады ў сістэме. На аднаўленне цепламагістралі ЦЭЦ-4 спатрэбілася некалькі дзён. 8 студзеня праз снегапад больш за 250 населеных пунктаў у Беларусі таксама засталіся без электразабеспячэння.

У Літве 19 студзеня 2026 года без святла на гадзіну засталіся 15 тыс. абанентаў. Пра гэта ў той жа дзень распавялі ў праграме «Навіны» на News.by. Аварыю вядоўца звязаў з адключэннем ад БРЭЛЛ (энергетычнага кальца, якое да пачатку 2025 года яднала энергетычныя сістэмы Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы).

«Літоўцы зноў пагрузіліся ў цемру. Без электрычнасці засталіся каля 15 тыс. спажыўцоў. Гэта ўжо не першы выпадак пасля поўнага выхаду з сістэмы БРЭЛЛ. Нагадаем, краіны Балтыі адключыліся ад беларуска-расейскай энергасеткі, сінхранізаваліся з Еўропай, але стабільнасць дастаў рэзка зменшылася. Эксперты папярэджвалі пра рызыкі блэкаўтаў пры разрыве з надзейным рэзервам — і вось вынік: звычайныя перабоі ператвараюцца ў новую рэчаіснасць», — падагульніў вядоўца.

Каманда WTF праверыла, ці сапраўды блэкаўты сталі новай рэчаіснасцю Літвы. Журналісты знайшлі дадзеныя, колькі часу цягам года жыхары Літвы заставаліся без святла праз адключэнні. Гэта паказнік, па якім энергетыкі ацэньваюць надзейнасць энергасістэмы. У галоўнага аператара электраэнергіі ў Літве — ESO — ён палепшыўся. 

Да выхаду з БРЭЛЛ жыхары Літвы заставаліся без святла на больш працяглыя перыяды, чым пасля. За 9 месяцаў 2025 года электрычнасць адключалі сумарна ў аднаго спажыўца толькі на 57 хвілін — гэта найлепшы паказнік за апошнія 4 гады. У 2024-м, яшчэ з БРЭЛЛ, паказнік склаў амаль 6 гадзін. Праўда, тады прычынай адключэнняў былі моцныя снегапады і штармавы вецер — наймацнейшы з 2020 года. 

Паказнікі працы электрасістэмы павялічыліся праз аўтаматызацыю абсталявання і лепшую працу з персаналам. Апроч таго, за апошнія некалькі гадоў Літва амаль удвая нарасціла вытворчасць уласнай электраэнергіі. То бок сітуацыя з электразабеспячэннем там не пагаршаецца, а паляпшаецца. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць