Кантэкст: У рэйтынгу гарадоў свету па кошце жыцця Numbeo за 2026 год Менск увайшоў у першую сотню з канца з больш чым 500 гарадоў, то бок апынуўся сярод месцаў з адносна невысокім узроўнем выдаткаў. Numbeo — буйная онлайн-база дадзеных, якая збірае інфармацыю пра кошт жыцця, цэны на тавары і паслугі і іншыя паказнікі на аснове дадзеных карыстальнікаў, а потым разлічвае індэксы і публікуе сусветныя рэйтынгі.
У праграме «Галоўны эфір» на Першым інфармацыйным тэлеканале* 12 ліпеня 2026 года вядоўцы распавялі, што Менску ёсць чым ганарыцца: баланс паміж даходамі і выдаткамі ў сталіцы нібыта ацэньваюць як адзін з самых прывабных на кантыненце.
«Гэта паказаў і новы сусветны рэйтынг ад буйнога аналітычнага сэрвісу, дзе Менск адзначылі як надзейнага эканамічнага партнёра і горад з вельмі даступным коштам жыцця. Эксперты ацанілі больш за 500 мегаполісаў па ўсім свеце. Галоўным крытэрам стаў індэкс штодзённых выдаткаў — ад чэкаў у крамах да камунальных паслугаў. Па гэтым балансе дабрабыту і выдаткаў наша сталіца выглядае выключна прывабна», — заявілі ў эфіры.
Але па балансе выдаткаў і даходаў Менск далёкі ад самых прывабных гарадоў на кантыненце. Першы інфармацыйны тэлеканал пераблытаў два рэйтынгі Numbeo.
Рэйтынг кошту жыцця, у якім Менск заняў 455-е месца сярод больш чым 500 гарадоў, параўноўвае толькі ўзровень цэн: прадукты, транспарт, камунальныя паслугі і іншыя штодзённыя выдаткі. Ён не паказвае, наколькі гэтыя выдаткі адпавядаюць даходам жыхароў.
Для гэтага ў Numbeo ёсць іншы паказнік — індэкс мясцовай пакупніцкай здольнасці. Ён ацэньвае, колькі тавараў і паслугаў жыхары гораду могуць купіць на сярэдні заробак. Менавіта гэты індэкс паказвае даступнасць жыцця для мясцовых, то бок баланс паміж даходамі і выдаткамі.
У гэтым рэйтынгу лідаруе нямецкі Браўншвайг. Менск жа па індэксе мясцовай пакупніцкай здольнасці саступае амаль дзвюм трацінам гарадоў, якія ўвайшлі ў рэйтынг. Яго абышлі Масква, Варшава і многія еўрапейскія гарады, у тым ліку Вільня, Рыга і Таллін. Пры гэтым менчукі могуць дазволіць сабе больш, чым жыхары, напрыклад, Санкт-Пецярбургу, Мілану або Астаны. Іншымі словамі, Менск сапраўды горад з адносна нізкімі цэнамі, але з гэтага не вынікае, што жыццё ў ім гэтак жа даступнае для мясцовых жыхароў.
Рэйтынг кошту жыцця Numbeo пабудаваны на параўнанні ўзроўню цэн у розных гарадах свету з Нью-Ёркам. Нью-Ёрк бярэцца за 100%, а калі індэкс Менску роўны 34, гэта азначае, што той самы набор штодзённых выдаткаў абыходзіцца менчукам прыкладна ў траціну сумы, якую траціць жыхар Нью-Ёрку. Пры гэтым сам Нью-Ёрк у рэйтынгу кошту жыцця займае толькі 12-е месца: у 11 гарадах свету жыць яшчэ даражэй.
Па індэксе мясцовай пакупніцкай здольнасці менчукі з сярэднім заробкам могуць дазволіць сабе каля 70% таго, што могуць дазволіць сабе жыхары Нью-Ёрку. Гэта можа гучаць нядрэнна, калі не ўлічваць, што сам Нью-Ёрк у рэйтынгу балансу даходаў і выдаткаў апынуўся толькі ў сярэдзіне трэцяй сотні гарадоў. То бок у свеце шмат месцаў, дзе цэны і даходы мясцовых жыхароў збалансаваныя лепш.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.