Кантэкст: Раніцай у панядзелак, 15 чэрвеня 2026 года, у польскім горадзе Белая Падляская застрэлілі расейскага мастака-акцыяніста Сямёна Скрапецкага, вядомага карыкатурамі і акцыямі супраць расейскіх уладаў. За тры дні да забойства ён правёў акцыю каля расейскай амбасады ў Берліне, а незадоўга да смерці сцвярджаў, што яму пагражаюць расейскія патрыёты. Паліцыя затрымала падазраванага ў забойстве — грамадзяніна Грузіі.
У навінах на Першым інфармацыйным тэлеканале* 16 чэрвеня 2026 года распавялі пра іншую крымінальную справу, звязаную з Польшчай, — кантрабанду цыгарэт з Беларусі. Вядоўца заявіла, што судовы працэс даказаў: за кантрабандай стаяць не беларусы, а самі палякі.
«Гучнае выкрыццё. Акруговы суд у Беластоку вынес абвінаваўчыя прысуды тром мужчынам, якіх абвінавачвалі ва ўдзеле ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі ў Польшчу з дапамогай метэаралагічных паветраных шароў. <…> Такім чынам, гучныя спробы еўрапейскіх чыноўнікаў перакласці адказнасць за памежныя інцыдэнты на беларускі бок разбіліся аб высновы ўласнага ж правасуддзя. Судовая хроніка наглядна паказвае, што за крымінальнымі схемамі каля рубяжоў Беларусі стаяць самі жыхары Польшчы», — заявіла вядоўца.
Суд у Беластоку сапраўды асудзіў трох грамадзян Польшчы ва ўзросце ад 22 да 26 гадоў па справе аб кантрабандзе цыгарэт з Беларусі з дапамогай паветраных шароў. Двое атрымалі ўмоўныя тэрміны, трэці — два з паловай гады турмы. Але вядоўца не сказала, што беларусы ў гэтай схеме таксама фігуравалі. Гэта ўсталявалі ў судзе.
Карэспандэнт Radio Białystok з залы суду 9 чэрвеня 2026 года паведамляў:
«Адзін з абвінавачаных усталяваў супрацу з беларусам, які дасылаў яму пазнакі з месцазнаходжаннем, адкуль трэба забраць груз. Сам ён тлумачыў, што тады меў патрэбу ў грошах. Гэта быў лёгкі заробак — за адзін выезд ён атрымліваў 1000 злотых».
То бок паляк быў выканаўцам, а дастаўку цыгарэт каардынаваў беларус, які перадаваў каардынаты грузу. На лаву падсудных ён не трапіў, але ягоная роля ў справе зафіксаваная. Гэта не адзіны выпадак, калі грамадзяне Беларусі фігуравалі ў справах аб кантрабандзе цыгарэт з дапамогай паветраных шароў.
У чэрвені ў Ліпску польскія памежнікі затрымалі 36-гадовага беларуса, які прыехаў у Польшчу па працоўнай візе, але працу так і не знайшоў. Яго затрымалі разам з 22-гадовым палякам, калі яны спрабавалі забраць цыгарэты, перапраўленыя праз мяжу з дапамогай метэазондаў.
У красавіку пракуратура ў Любліне выставіла абвінавачанні грамадзяніну Беларусі Міхаілу С. Яго абвінавачваюць у арганізацыі перасылкі цыгарэт. Паводле версіі следства, ён з хаўруснікамі выкарыстаў 160 паветраных шароў і пераправіў у Польшчу больш за 24 тыс. блокаў цыгарэт.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.