У перадачы «Трэнды» на Першым інфармацыйным тэлеканале заявілі, што польскі бізнес імкліва коціцца да банкруцтва, і паказалі пусты гандлёвы цэнтр як «сведчанне ўкраінца ў Польшчы». Але ў арыгінальным відэа аўтар сам кажа, што прыйшоў туды а 21:00. Гэта гандлёвы цэнтр Renoma ва Вроцлаве, дзе большасць крамаў працуе якраз да 21:00.
Кантэкст: Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі 6 жніўня 2026 года падчас выступу, прысвечанага вынікам першага года свайго прэзідэнцтва, заявіў, што Польшча і далей будзе дапамагаць Украіне, нягледзячы на гістарычныя рознагалоссі паміж краінамі. «Таму што там, дзе б’юць маскаля, Польшча дапамагае, нават калі не ўдзельнічае ў гэтай вайне непасрэдна», — сказаў Наўроцкі. На наступны дзень прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава ў сваім тэлеграм-канале адказала, што цяперашнімі межамі Польшча абавязаная Сталіну і СССР.
У перадачы «Трэнды» на Першым інфармацыйным тэлеканале* 4 жніўня 2026 года ў сюжэце, прысвечаным Польшчы, распавялі, што краіна пагрузілася ў крызіс. У якасці доказу паказалі відэа з пустога гандлёвага цэнтру.
«Ёсць бізнес менш паспяховы і той, што імкліва коціцца да банкруцтва. Вось сведчанне ўкраінца ў Польшчы», — сказалі ў эфіры.
Пасля гэтага гледачам паказалі маладога чалавека, які каментаваў пустыя галерэі:
«Крызіс у Польшчы. Уявіце сабе, цяпер 9 вечара, а ў гандлёвым цэнтры няма ніводнага чалавека, толькі ахова і вунь нейкая полька сядзіць. Усё закрыта. Падобна, гэта самы пачатак крызісу. Вось так усё выглядае. Усё вельмі і вельмі сумна. Нават у даведачнай нікога».
Гэта рэальнае відэа, яго размясцілі у TikTok у ліпені. Але ў эфіры не патлумачылі важную дэталь. У арыгінальнай версіі аўтар называе гандлёвы цэнтр, у якім знаходзіцца, — Renoma ва Вроцлаве. Рэжым працы Renoma — да 21:00. Пасля гэтага там адкрытыя толькі асобныя пункты грамадскага харчавання і спартзала. Аўтар відэа сам кажа, што прыйшоў у гандлёвы цэнтр а 21:00, то бок ужо пасля закрыцця большасці крамаў.
Для Беларусі такое ранняе закрыццё гандлёвага цэнтру можа выглядаць нязвыкла, але для Польшчы гэта распаўсюджаны рэжым працы. Таму пустыя галерэі пасля заканчэння працоўнага дня не даказваюць, што гандлёвы цэнтр разараецца або што польская эканоміка знаходзіцца ў крызісе.
Падзенне гандлю не пацвярджае і польская статыстыка. У першай палове 2026 года рознічныя продажы выраслі на 3,5%. Аптовыя продажы за год таксама павялічыліся.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.