Абвінавачванне на адрас незалежных антыкарупцыйных арганізацый, што яны не змагаюцца з карупцыяй ва Украіне, а кантралююць краіну прагучала 3 жніўня 2025 года ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Першы інфармацыйны».
«10 гадоў назад для кантролю за сваім фінансаваннем Захад стварыў ва Украіне так званыя незалежныя антыкарупцыйныя органы, якія ніяк з карупцыяй не змагаліся, але наяўнасць Захаду забяспечвалі. 22 ліпеня іх хацелі скасаваць, а 31-га ўжо нават на паперы вярнулі ўсё як было. Вось такая незалежнасць», — расказаў закадравы голас у сюжэце.
Ва Украіне ў 2015 годзе былі створаны незалежныя антыкарупцыйныя органы: НАБУ — Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро і САП — Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура. Іх стварэнне было адной з умоў ЕЗ і МВФ для вылучэння фінансавай дапамогі краіне, працягу еўраінтэграцыі і лібералізацыі візавага рэжыму. Галоўная задача гэтых органаў — змаганне з карупцыяй, асабліва з удзелам найвышэйшых службовых асобаў.
НАБУ і САП фармуюцца праз адкрытыя конкурсы, а кіраўнікоў у арганізацыі з кандыдатаў, адабраных па выніках конкурсу, прызначаюць украінскія органы ўлады, а не нехта на Захадзе: дырэктара НАБУ — урад Украіны, а кіраўніка САП — генпракурор.
За 10 гадоў працы ў законную сілу ўступіў 251 абвінаваўчы прысуд па справах НАБУ і САП. Яны тычацца 338 карупцыянераў, сярод якіх — дэпутаты, суддзі, кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў і іншыя высокапастаўленыя асобы. Толькі за апошнія 4 гады антыкарупцыйныя органы заявілі, што збераглі ці вярнулі дзяржаве каля 17 млрд грывень — гэта больш за $400 млн.
22 ліпеня 2025 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, што перадае нагляд за арганізацыямі Генпракуратуры, што абмяжоўвала іх незалежнасць. Праз гэта па ўсёй краіне прайшлі масавыя пратэсты, а Еўразвяз рэзка раскрытыкаваў гэтае рашэнне украінскіх уладаў. Таму прыкладна праз тыдзень парламент скасаваў спрэчны закон, вярнуўшы НАБУ і САП іх ранейшы статус.
Паводле дадзеных Глабальнага Індэкса ўспрымання карупцыі, апублікаванаму Transparency International, які штогод ацэньвае 180 краін па ўзроўні карупцыі на падставе думкі экспертаў і бізнесоўцаў, Беларусь больш карумпаваная, чым Украіна. Апошняя ў рэйтынгу вышэй на 10 пазіцый.