Антыфэйк / фактчэк 29 красавіка

Атамныя фэйкі ад дзяржСМІ: выдаткі на пераадоленне наступстваў Чарнобыля і рызыкі будаўніцтва АЭС у Польшчы

У эфіры заявілі, што Беларусь нібыта інвеставала ў аднаўленне пацярпелых тэрыторый больш за $200 млрд.

Да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС на «Радыё-Менск» загаварылі пра цану пераадолення яе наступстваў. Пры гэтым суму дзяржаўных укладанняў у чарнобыльскія праграмы завысілі амаль у дзесяць разоў. У эфіры іншага дзяржаўнага СМІ — на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё — польскую атамную станцыю прадставілі як праект, які даверылі кампаніі без досведу будаўніцтва АЭС.

Кантэкст: 26 красавіка споўнілася 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС — найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы, наступствы якой найцяжэйшым чынам закранулі Беларусь. Радыеактыўнае забруджанне закранула 53 раёны краіны: цэзіем-137 была забруджаная амаль чвэрць тэрыторыі рэспублікі, стронцыем-90 — каля 10%, а ізатопамі плутонію — прыкладна 2%. Наступствы аварыі адбіліся не толькі на экалогіі, але і на здароўі людзей і эканоміцы: «ёднаму ўдару» падверглася практычна ўсё насельніцтва Беларусі, з забруджаных раёнаў адсялілі 137,7 тыс. чалавек, а з сельскагаспадарчага абароту вывелі 265 тыс. гектараў зямлі.

«Радыё-Менск»: цана аднаўлення

Абмяркоўваючы 40-годдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС у эфіры «Радыё-Менск» 13 красавіка 2026 года, эксперт БІСД Аляксей Аўдонін заявіў, што Беларусь сёння ледзь не адзіная краіна ў свеце, якая ведае, як развіваць заражаныя тэрыторыі. Гаворачы пра гэты досвед, ён назваў і цану, якую краіна нібыта заплаціла за аднаўленне.

«Якія каласальныя рэсурсы былі затрачаныя нашым беларускім грамадствам на тое, каб унікнуць у гэтую праблему, забяспечыць аднаўленне, развіццё нашай нацыі. Паводле некаторых падлікаў, гэта больш за $200 млрд за гэты перыяд было не тое што... Нельга казаць “растрачана”, а якраз “інвеставана”», — сказаў Аўдонін.

Такая ацэнка завышае аб’ём дзяржаўных выдаткаў прыкладна ў дзесяць разоў. Яшчэ ў 2021 годзе прадстаўнік МНС Беларусі паведаміў, што з 1990 года на чарнобыльскія дзяржаўныя праграмы патрацілі $19,2 млрд. Калі дадаць да гэтай сумы фінансаванне праграмы апошняй пяцігодкі, атрымаецца яшчэ каля мільярда. У суме выходзіць крыху больш за $20 млрд, але ніяк не $200 млрд.

Нават калі глядзець самі чарнобыльскія праграмы за апошнія 30 гадоў, сума наўпроставага фінансавання аказваецца яшчэ ніжэйшай. Паводле гэтых разлікаў можна налічыць толькі каля $9 млрд. Верагодна, значная частка выдаткаў з узгаданых больш чым $20 млрд прыпала на першае дзесяцігоддзе пасля аварыі, калі наступствы катастрофы былі найбольш вострымі.

Лічба ў $200 млрд звязаная з іншым паказнікам. Менавіта ў такім парадку ацэньваецца шкода, нанесеная Беларусі чарнобыльскай катастрофай за 30-гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў. Інакш кажучы, у эфіры пераблыталі дзве прынцыпова розныя велічыні: дзяржаўныя выдаткі на ліквідацыю наступстваў і аднаўленне ды агульную сацыяльна-эканамічную шкоду.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: пагроза з Польшчы

Тэму атамнай энергетыкі ў той жа дзень працягнулі і на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. У эфіры загадчыца кафедры менеджменту, тэхналогіяў бізнесу і ўстойлівага развіцця БДТУ Ірына Новікава заявіла, што Польшча дарэмна адмовілася ад паслуг расейскай дзяржкарпарацыі «Росатом», а будаваць яе першую атамную электрастанцыю будзе кампанія без адпаведнага досведу.

«Палякі вырашылі на паўночным захадзе Польшчы пабудаваць атамную станцыю, як бы яны ні выступалі супраць нашай станцыі. Але што атрымалася: яны, у піку Расеі, вырашылі заключыць кантракт з Westinghouse Electric. Што такое Westinghouse Electric? Гэта фірма амерыканская, але яна не мае досведу будаўніцтва, ажыццяўлення такіх буйных праектаў — будаўніцтва атамных станцый. Больш за тое, гэтая фірма два ці тры разы цярпела банкруцтва, і з 2016 года яны абвясцілі, што будуць займацца будаўніцтвам», — заявіла яна.

Westinghouse Electric — адзін з найбуйнейшых тэхналагічных гульцоў сусветнай атамнай галіны. Палова ядравых рэактараў у свеце працуе на яе тэхналогіях. Свой першы камерцыйны ядравы рэактар кампанія паставіла яшчэ ў 1957 годзе.

Паказальна і тое, што яшчэ ў 2008 годзе сама Беларусь запрашала Westinghouse паўдзельнічаць у тэндары на будаўніцтва БелАЭС. То-бок назваць кампанію выпадковым удзельнікам без галіновага досведу нельга нават у логіцы ранейшых беларускіх рашэнняў.

Westinghouse сапраўды праходзіла працэдуру банкруцтва, але толькі адзін раз — у 2017 годзе. Гэта адбылося пасля таго, як кампанія набыла будаўнічы бізнес і паспрабавала самастойна будаваць АЭС. Пасля банкруцтва яна адмовілася ад гэтай мадэлі і засяродзілася толькі на ядравых тэхналогіях. Менавіта таму ў польскім праекце Westinghouse працуе не адна, а ў звязцы з будаўнічай кампаніяй Bechtel. Яна, у сваю чаргу, мае вялікі досвед удзелу ў атамных праектах — каля 150 электрастанцый па ўсім свеце. Акрамя таго, рэактары, якія плануецца будаваць у Польшчы, ужо не з’яўляюцца тэорыяй або эксперыментам: яны працуюць у Кітаі і ЗША.

Такім чынам, у адным эфіры дзяржмедыі завысілі ў дзесяць разоў выдаткі Беларусі на пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, пераблытаўшы іх з агульнай ацэнкай шкоды. У другім — прадставілі кампанію Westinghouse як выпадковага і недасведчанага падрадчыка, хоць яна даўно ўваходзіць у лік сусветных лідараў атамнай галіны.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць