Вядоўца АНТ Ігар Тур распавёў пра новы ўльтратонкі ноўтбук Horizont H-book як пра амаль цалкам беларускую распрацоўку: імпартны ў ім нібыта толькі корпус. Але тэхнічныя характарыстыкі і разбор прылады паказваюць іншае — дэталяў замежнай вытворчасці ў ноўтбуку больш.
Кантэкст: Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня 2026 года з’ездзіў з рабочай паездкай у Берасце, дзе наведаў Берасцейскі электралямпавы завод — адно з прадпрыемстваў холдынгу «Гарызонт». Тэмпы мадэрнізацыі Лукашэнку не ўразілі, і ён заклікаў «варушыцца» не толькі завод, але і ўсю беларускую прамысловасць.
У сюжэце праграмы «Контуры падзей», прысвечаным гэтай паездцы, вядоўца і карэспандэнт Ігар Тур распавёў пра новы ўльтратонкі айчынны ноўтбук, у якім з імпартнага нібыта толькі корпус.
«А тое, што “Гарызонт” слова трымае, пацвярджаецца і справай. Калісьці было даручэнне стварыць айчынны камп’ютар. На тыдні [генеральны дырэктар ААТ “Кіроўная кампанія холдынгу “Гарызонт””] Юрый Прадко хваліўся ўжо і беларускім ультратонкім ноўтбукам. Аляксандр Лукашэнка спачатку адрэагаваў народным скепсісам — маўляў, можа, толькі збіраеце тут, а ўсе дэталі імпартныя», — сказаў Тур у эфіры 2 жніўня 2026 года.
Пасля гэтага ў сюжэце паказалі Прадко, які дэманстраваў Лукашэнку корпус ноўтбука.
«Не, у нас усё. Я пакажу вам. Уся вытворчасць. Платы вырабляем, прашыўкі нашы, усё наша. Мы толькі корпус не робім, таму што ну вельмі вялікая разнастайнасць. Вось гэта корпус», — сказаў Прадко.
Гаворка ідзе пра ноўтбук Horizont H-book. У масавую вытворчасць яго запусцілі ў сакавіку 2026 года. Мадэль зрабілі тонкай і лёгкай, а корпус пафарбавалі ў ярка аранжавы колер. Але замежнай вытворчасці ў яго не толькі корпус. Гэта вынікае з тэхнічных характарыстык ноўтбука.
Журналісты выдання пра тэхніку MT Today разабралі H-book і паглядзелі, якія дэталі ўсталяваныя ўнутры. SSD-назапашвальнік аказаўся кітайскага брэнду Keyway, а на акумулятары наўпрост пазначана: Made in China. Працэсар і ўбудаваная графіка — амерыканскай кампаніі Intel, аперацыйная сістэма Windows — таксама амерыканская.
Само па сабе выкарыстанне замежных камплектуючых у лакальным брэндзе ноўтбукаў не з’яўляецца праблемай. Некаторыя элементы вырабляюць усяго некалькі краін свету, а вытворцы ў іншых дзяржавах таксама выкарыстоўваюць імпартныя кампаненты. Напрыклад, у Польшчы ёсць брэнд ноўтбукаў Hyperbook, а ў Іспаніі — Slimbook. Іспанская кампанія наўпрост піша, што аснова для яе ноўтбукаў вырабляецца ў Азіі, а ў Іспаніі ўсталёўваюць памяць, назапашвальнікі і аперацыйную сістэму. Гэта сусветная практыка. Але ў выпадку з Horizont H-book гледачоў АНТ увялі ў зман, распавёўшы, што імпартны ў ім толькі корпус.