Антыфэйк / фактчэк 07 сакавіка Сабак не рэгіструюць, падаткі не плацяць. Вядоўца АНТ абвінаваціла гаспадароў жывёлы ў недахопе месцаў для выгулу

Падатак за валоданне сабакам не абавязкова ідзе на будаўніцтва пляцовак для выгулу.

У Асіповічах і Асіповіцкім раёне ў 2020 годзе было зарэгістравана ўсяго два сабакі, распавяла ў эфіры АНТ вядоўца Марына Караман. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гэтая лічба не адпавядае рэчаіснасці. 

У Беларусі набылі моц нормы закона аб адказным абыходжанні з жывёлай, за прыняцце якога зоаабаронцы змагаліся шмат гадоў. Каментуючы новы дакумент 19 лютага 2025 года ў сюжэце на АНТ, вядоўца Марына Караман абвінаваціла ўладальнікаў сабак у недахопе пляцовак для выгулу жывёлы праз тое, што многія не рэгіструюць гадаванцаў і не плацяць за іх падатак. 

«Пляцоўкі для выгулу мясцовыя ўлады ўладкоўваюць, толькі калі ў населеным пункце ёсць сабакі. А калі гаспадары не рэгіструюць іх, то, паводле дакументаў, сабак у населеным пункце няма. А значыць і пляцоўкі для выгулу там не патрэбныя. Вось вам прыклад з жыцця: у 2020-м ва ўсім Асіповіцкім раёне, уключаючы Асіповічы, было зарэгістравана два сабакі. Адкажыце сабе на некалькі пытанняў. Першае: ці варта дзеля двух сабакаў будаваць за грошы падаткаплатнікаў некалькі пляцовак для выгулу? Другое: сабак у Асіповіцкім раёне рэальна было два ці тысячы, проста не зарэгістраваных? Трэцяе: калі зарэгістраваных сабак амаль не было, значыць і падаткі на іх утрыманне людзі не плацілі. Так за чый кошт павінны былі пабудаваць пляцоўкі?» — разважала вядоўца. 

У красавіку 2014 года ў адным толькі горадзе Асіповічы стаялі на ўліку 143 хатніх сабакі. Праз чатыры гады налічвалася амаль у два разы больш — 262. А ў 2024-м у горадзе афіцыйна пражывала 745 сабакаў. 

Дадзеных па колькасці зарэгістраваных сабак у 2020-м каманда WTF не знайшла. Аднак у справаздачы Асіповіцкага Савету дэпутатаў аб расходзе і паступленні сродкаў у мясцовы бюджэт за гэты год у графе «падатак за валоданне сабакамі» паказаная сума 6840 рублёў. Падатак за валоданне сабакам на той момант складаў 40,5 рубля за гадаванца патэнцыйна небяспечнай пароды і 8,1 рубля — за ўсіх астатніх сабак. Выплачваецца ён раз у квартал. Можна палічыць прыкладную колькасць сабак, за якіх гаспадары заплацілі. Калі выказаць здагадку, што ў Асіповічах і раёне няма сабак патэнцыйна небяспечных парод і палічыць усё па мінімальнай стаўцы, значыць падатак заплацілі прыкладна за 210 гадаванцаў. А калі дапусціць, што ў гэтай мясцовасці жывуць толькі байцоўскія сабакі і ўзяць для разліку максімальную стаўку, выйдзе, што аплата паступіла за 42 гадаванца. 

Улічваючы статыстыку папярэдніх гадоў, дзве сотні, а не два сабакі — найбольш верагодная колькасць. Зарэгістраванай жывёлы магло быць нават больш, бо некаторыя грамадзяне вызваляюцца ад выплаты падатку, але афіцыйна аформіць гадаванца ўсё роўна павінны. Да прыкладу, калі ў прыватным доме пражывае толькі адзін сабака, за яго можна не плаціць, але на ўлік ставіць неабходна. 

Падатак за валоданне сабакам не абавязкова ідзе на будаўніцтва пляцовак для выгулу. 

У яго няма мэтавага прызначэння. Мясцовыя ўлады самі вырашаюць, куды выдаткаваць гэтыя грошы: на падтрыманне прытулку для бяздомнай жывёлы, да прыкладу, на ўладкаванне месца для выгулу ці на рамонт дому, добраўпарадкаванне зоны адпачынку або дзіцячай пляцоўкі. Пра гэта не раз распавядалі самыя чыноўнікі. Акрамя таго, у апошнія гады ўладальнікам сабакаў, нягледзячы на падатак, які спаганяецца за гадаванцаў, прапаноўвалі самастойна прафінансаваць будаўніцтва пляцовак для выгулу. У 2020 годзе ў Асіповічах зацвердзілі чатыры пляцоўкі для выгулу жывёлы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі