Антыфэйк / фактчэк Сёння

Чума свіней замест біялагічнай зброі: што насамрэч пацвердзілі дакументы выведкі ЗША

На АНТ выдалі даследаванні патагенаў за доказ працы ўкраінскіх вайсковых біялабараторыяў.

Вядоўца АНТ Ігар Тур заявіў, што рассакрэчаныя дакументы выведкі ЗША пацвердзілі ранейшыя сцвярджэнні беларускай прапаганды пра біялабараторыі ва Украіне. Але ў 2022 годзе АНТ і іншыя беларускія медыя гаварылі не проста пра лабараторыі, а пра распрацоўку біялагічнай зброі. Дакументы Талсі Ґэбард гэтага не пацвярджаюць.

Кантэкст: Дырэктарка Нацыянальнай выведкі ЗША Талсі Ґэбард 12 чэрвеня 2026 года апублікавала дадзеныя пра фінансаванне больш за 120 біялабараторыяў у больш чым 30 краінах свету. Больш за 40 з іх знаходзіліся ва Украіне. Сам факт існавання ва Украіне лабараторыяў, якія атрымлівалі фінансаванне ЗША, быў вядомы і раней. У 2022 годзе намесніца дзяржсакратара ЗША Віктор’я Нулэнд на пытанне, ці ёсць ва Украіны хімічная або біялагічная зброя, адказала, што ва Украіне ёсць біялагічныя даследчыя аб’екты. У справаздачы Ґэбард удакладняюцца колькасць такіх лабараторыяў, месцы іх размяшчэння і патагены, якія там захоўваліся.

У праграме «Прапаганда» на АНТ 15 чэрвеня 2026 года Ігар Тур заявіў, што амерыканская выведка толькі пацвердзіла тое, пра што беларуская прапаганда гаварыла раней.

«А потым праходзіць час, і аказваецца, што прапаганда мела рацыю. Як, напрыклад, з біялагічнымі лабараторыямі на тэрыторыі Украіны. Мы заяўлялі, што яны там, фінансаваныя і кантраляваныя ЗША, ёсць. Нас абвінавачвалі, што мы гэта ўсё прыдумалі. На мінулым тыдні дырэктарка нацыянальнай выведкі ЗША Талсі Ґэбард рассакрэціла дакументы, якія пацвярджаюць шматгадовае фінансаванне Вашынгтонам больш за 120 біялабараторыяў у 30 з лішнім краінах свету. У тым ліку ЗША пабудавалі і падтрымліваюць на тэрыторыі Украіны сетку з больш чым 40 біялабараторыяў», — сказаў Тур.

Але беларускія медыя ў 2022 годзе заяўлялі не толькі пра існаванне біялабараторыяў. Яны сцвярджалі, што ва Украіне нібыта працавалі вайскова-біялагічныя лабараторыі і распрацоўвалася біялагічная зброя.

26 сакавіка 2022 года вядоўца навінаў АНТ распавядала: «Брытанская Daily Mail і амерыканская New York Post апублікавалі расследаванні пра вайскова-біялагічныя лабараторыі ва Украіне».

9 сакавіка 2022 года ў эфіры СБТВ прагучала: «Раней Міністэрствам абароны Расеі было заяўлена пра выяўленне больш за 30 біялагічных лабараторыяў ва Украіне. На гэтых аб’ектах ажыццяўлялася распрацоўка кампанентаў біялагічнай зброі».

Сам Ігар Тур 14 сакавіка 2022 года ў той жа праграме гаварыў: «Да гэтага на мінулым тыдні дадаліся яшчэ і біялабараторыі, якія, аказваецца, былі на тэрыторыі Украіны, у якіх, аказваецца, распрацоўвалі біялагічную зброю. Наяўнасць якіх, аказваецца, пацвердзіў Вашынгтон».

То бок Тур і беларускія медыя пераконвалі гледачоў не проста ў тым, што ва Украіне ёсць біялагічныя лабараторыі, а ў тым, што яны былі вайсковымі і займаліся распрацоўкай біялагічнай зброі.

Дакументы, якія рассакрэціла Талсі Ґэбард, гэтага не пацвярджаюць. У іх няма доказаў распрацоўкі біялагічнай зброі або правядзення вайсковых біялагічных даследаванняў ва Украіне. Ґэбард заявіла, што многія са 120 лабараторыяў па ўсім свеце займаліся або займаюцца даследаваннямі з ужываннем небяспечных і высоказаразных патагенаў. У некаторых выпадках гаворка ідзе пра небяспечныя даследаванні па ўзмацненні функцыяў патагенаў, але яна не ўдакладніла, дзе менавіта такія працы праводзіліся.

Што датычыцца Украіны, у рассакрэчаных дакументах гаворыцца, што ЗША плацілі ўкраінскім навукоўцам за вывучэнне геному высокапатагеннага птушынага грыпу і іншых высокаінфекцыйных вірусаў. Сярод назваў праектаў ёсць, напрыклад, «Распрацоўка і ўжыванне экспрэс-метаду дыягностыкі птушынага грыпу» і «Аналіз пагрозы распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і класічнай чумы свіней сярод папуляцыяў дзікіх кабаноў ва Украіне». Вірусы птушынага грыпу і чумы свіней небяспечныя, але гэта не даказвае распрацоўкі біялагічнай зброі.

Вайсковыя распрацоўкі ў дакуменце згадваюцца толькі ў гістарычным кантэксце. Там гаворыцца, што некаторыя ўкраінскія лабараторыі дагэтуль захоўваюць патагены біялагічнай зброі савецкай эпохі. Аўтары таксама адзначаюць, што Інстытут эксперыментальнай і клінічнай ветэрынарнай медыцыны ў Харкаве ў мінулым, магчыма, мог удзельнічаць у савецкіх праграмах біялагічнай зброі.

Але выведка ЗША не прадставіла доказаў, што цяпер ва Украіне або ў якой-небудзь з гэтых 30 краін распрацоўваюць біялагічную зброю. Больш за тое, сама Ґэбард яшчэ ў сакавіку 2022 года пісала, што не лічыць, нібыта ва Украіне размешчаныя лабараторыі па распрацоўцы біязброі.

«Я не перакананая, што ва Украіне ёсць лабараторыі па распрацоўцы біялагічнай зброі або сама біялагічная зброя — гэта не тое, што мяне турбуе. Мяне турбуе існаванне больш чым 25 біялагічных лабараторыяў у зоне баявых дзеянняў», — заяўляла яна.

Ігар Тур выдаў дакументы пра фінансаванне біялагічных даследаванняў за пацвярджэнне ранейшай тэзы пра сетку вайсковых біялабараторыяў. Але розніца прынцыповая: наяўнасць біялагічных лабараторыяў і праца з небяспечнымі патагенамі не роўныя распрацоўцы біялагічнай зброі. Рассакрэчаныя дакументы ЗША не пацвердзілі сцвярджэнні АНТ пра вайсковыя біялабараторыі ва Украіне.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць