Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Працы ў ЗША ўсе менш». Аспрэчваем аргументы палітолага Ялфімава

На Беларускім радыё абмеркавалі «вашынгтонскае балота», якое паглынула Трампа.

Палітолаг Вадзім Ялфімаў заявіў, што палітыка Доналда Трампа ўдарыла па амерыканцах, якія за яго галасавалі. У якасці аргумента ён прывёў пагаршэнне сітуацыі на рынку працы. Журналісты WTF высветлілі, у чым ён не мае рацыю.

Выступаючы ў якасці эксперта ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё палітолаг Вадзім Ялфімаў заявіў, што Доналд Трамп парушыў абяцанне «асушыць вашынгтонскае балота», а яго эканамічная палітыка прывяла да скарачэння працоўных месцаў.

«На мінулым тыдні ўжо паступіла статыстыка: працоўны тыдзень у ЗША скараціўся на 1 дзень. То бок працы ў ЗША ўсе менш і менш. А тыя, хто працуюць (як яны кажуць, мядзяныя патыліцы — рабочыя) — гэта быў грунт, электаральная база Доналда Трампа», — сказаў ён у эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» 16 ліпеня 2025 года.

Каманда WTF праверыла гэта цверджанне.

На чэрвень 2025 года ў сярэднім працаўнікі ў ЗША цягам тыдня працуюць каля 34 гадзін 12 хвілін. Год таму – на 6 хвілін даўжэй. Такім жа быў паказнік і ў 2006 годзе.

За апошняе дзесяцігоддзе ваганні працягласці часу працы не перавышалі 40 хвілін у той ці іншы бок. Максімальны спад адбыўся ў час рэцэсіі 2009 года, калі працоўны тыдзень скарацілася да 33 гадзін 54 хвілін. Пік прыпаў на 2021 год — 34 гадзіны і 48 хвілін.

Пры гэтым у ЗША ўжо задумваюцца пра заканадаўчае скарачэнне працоўнага тыдня. У 2024 годзе, яшчэ пры Джо Байдэне, група сенатараў прапанавала скараціць стандартны працоўны тыдзень з 40 да 32 гадзін з захаваннем заработнай платы. Аргумент — новыя тэхналогіі павялічылі прадуктыўнасць працы амерыканскіх працаўнікоў і 40-гадзінны стандарт працоўнага тыдня ўжо не адпавядае рэаліям. Але законапраект гэтак і не прынялі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць