Антыфэйк / фактчэк 31 сакавіка

Адмяніць санкцыі, каб выратаваць долар? Васкрасенскі заблытаўся ў планах ЗША

Розныя краіны пачынаюць адмаўляцца ад амерыканскай валюты, сказаў ён.

ЗША распрацоўваюць тэрміновы план па скасаванні абмежаванняў, заявіў грамадскі дзеяч Юрый Васкрасенскі ў эфіры «Радыё Менск». Каманда Weekly Top Fake высветліла, пра якія варыянты развіцця санкцыйнай палітыкі казалі прадстаўнікі Вашынгтона.

Пра намер ЗША адмяніць санкцыі супраць розных краін Юрый Васкрасенскі распавёў 18 сакавіка 2025 года ў эфіры «Радыё Менск».

«Яны цяпер думаюць, што рабіць з гэтымі санкцыйнымі рэжымамі. Сёння прачытаў навіну: Мінфін ЗША тэрмінова распрацоўвае захады па адмене альбо аптымізацыі санкцый. Яны ж не толькі ў дачыненні да нас увялі, а і ў дачыненні да дзясяткаў краін па ўсім свеце. Чаму яны распрацоўваюць тэрміновыя, экстраныя захады? Таму што краіны пачынаюць адмаўляцца ад долара. ... І роля долара ў разліках які год ужо падае», — падсумаваў палітык у гутарцы з вядоўцам Вадзімам Ялфімавым. 

Каманда WTF знайшла навіну, якую, відаць, прачытаў Васкрасенскі. 

«Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп даручыў правесці пераацэнку існуючай амерыканскай санкцыйнай палітыкі, бо яна падрывае ролю долара ў якасці сусветнай рэзервовай валюты. Пра гэта паведаміў міністр фінансаў краіны Скот Бессент», — сказана ў ёй.

Аднак Бессент нічога не казаў пра адмену або паслабленне абмежаванняў. Ён заявіў, што ЗША збіраюцца перайсці ў рэжым «максімальна дзейсных санкцый»: 

«Што тычыцца расейскіх санкцый, то я скажу вам, што яны былі цалкам несправядлівыя. Адміністрацыя Байдэна адпраўляла дзясяткі мільярдаў долараў для падтрымкі Украіны, а для іншага боку санкцыі былі вельмі млявымі, таму што яны баяліся скачку коштаў нафты ў ЗША падчас выбараў. І ў канцы тэрміну дарадца па нацыянальнай бяспецы Джэк Саліван узмацніў санкцыі. Я б сказаў, што яны паднялі з трох балаў да шасці. Мы захавалі гэтыя санкцыі, і прэзідэнт Трамп даручыў мне, калі трэба, давесці іх да дзесяці, каб прывесці прэзідэнта Пуціна да стала перамоваў».

Пра распрацоўку варыянтаў патэнцыйнага змякчэння амерыканскіх санкцый навіна таксама была. Але публікацыя з'явілася за два тыдні да выказвання Васкрасенскага і гаворка ў ёй ішла толькі пра Расею: Белы дом даручыў Мінфіну і Дзярждэпартаменту распрацаваць план для абмеркавання з Масквой у рамках перамоваў пра паляпшэнне стасункаў і спыненне вайны ва Украіне. Пра гэта 3 сакавіка паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на дзве неназваныя крыніцы.

Да гэтага, у лютым, Доналд Трамп падоўжыў абмежаванні супраць Расеі. У цэлым за два месяцы, якія прайшлі пасля яго ўступлення на пасаду прэзідэнта, ЗША ўвялі санкцыі супраць кітайскіх кампаній за куплю іранскай нафты і наклалі новыя абмежаванні на нафтавы сектар Ірану, каб перакрыць патокі фінансавання тэрарыстаў. Таксама пад санкцыямі апынуўся Міжнародны крымінальны суд за правядзенне расследавання ў дачыненні Ізраілю. Акрамя таго Трамп скасаваў усе паслабленні амерыканскіх санкцый для Венесуэлы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі