Падступства беларускай апазіцыі і яе магчымую актыўнасць падчас выбарчай кампаніі, якая мае адбыцца, вядоўцы «Радыё Менск» Алёна Радоўская і Кірыл Казакоў абмеркавалі з супрацоўнікам выдання «СБ. Беларусь сёння» Андрэем Мукавозчыкам у эфіры 27 лістапада 2024 года.
«Не будзе ніякага толкам народнага абурэння. Гэтую зброю мы ў іх выбілі з рук. Што можа быць? Атручванне вады можа быць. Як гэта было летам 2020 года. Я галаву пакладу, што гэта было атручванне. Не той выпадак, каб капаць і падымаць, там было расследаванне, вінаватых, напэўна, знайшлі і пакаралі. Але гэта ж было спецыяльна паказаць, што мы і самі без гэтай улады справімся. Вось жа пра што гэта было», — растлумачыў Мукавозчык.
Гаворка ідзе пра падзеі чэрвеня 2020 года, калі ў пяці раёнах Менску замест звыклай вады з-пад крана цякла мутная вадкасць з непрыемным пахам і смакам. Некаторых жыхароў сталіцы шпіталізавалі пасля яе выкарыстання. «Вадаканал» не справіўся з павышаным попытам на чыстую ваду і менчукі вырашылі праблему самастойна: скуплялі ваду ў крамах, набіралі яе з бліжэйшых крыніц, шукалі дапамогі ў сацсетках. Валанцёры тады масава прывозілі ваду ў пацярпелыя раёны.
Каб разабрацца, хто вінаваты ў забруджванні вады, Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу і два гады шукаў прычыну гэтага інцыдэнту. Аказалася, што за месяц да здарэння пачаўся рамонт трубаправода. Пакуль ён ішоў, участак вадавода не выкарыстоўваўся і ў ім застаялася вада — стала мутнай і затхлай. Пасля рамонту яе не злілі і падалі ў трубы, а ачышчальная станцыя не справілася з такім узроўнем забруджвання. У выніку дрэнная вада трапіла ў размеркавальную сетку горада.
СК назваў тое, што здарылася, вынікам халатнасці. Пра апазіцыю следчыя органы не сказалі ні слова.