Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Ціск Захаду ці агульнасусветны трэнд? Разбіраем заяву дэкана журфаку БДУ пра падзенне рэйтынгаў беларускіх вну
БДУ ў брытанскім рэйтынгу апусціўся на 60 пазіцый у 2025 годзе.
Захад у рамках «ціску на нязгодныя краіны» спрабуе адключыць Беларусь «ад тэхналагічнай пляцоўкі», заявіў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў. Дзеля гэтага, як ён кажа, айчынную адукацыю выцясняюць з агульнасусветнай сістэмы, у тым ліку праз штучнае заніжэнне рэйтынгаў беларускіх вну. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што айчынныя ўніверсітэты губляюць пазіцыі не толькі ў рэйтынгах заходніх краін.
Сярод іншага тэму вышэйшай адукацыі абмеркавалі 4 верасня 2025 года ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа радыё» і СБ ТБ. Дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў абвінаваціў Захад у наўмысным заніжэнні прэстыжу беларускіх вну:
«Нават спроба выцесніць нашую адукацыю з агульнасусветнай сістэмы: забарона на публікацыі ў заходніх часопісах, зніжэнне рэйтынгаў нашых універсітэтаў штучнае, каб нібыта туды не ехалі вучыцца студэнты».
Тры беларускія ўніверсітэты ў 2025 годзе сапраўды страцілі пазіцыі ў адным з самых уплывовых рэйтынгаў сусветных універсітэтаў — брытанскім QS. БДУ апусціўся на 60 пазіцый, БНТУ — на 54, да 862 месца, БДУІР — на 203, да 1415-га. У брытанскім рэйтынгу Times Higher Education з беларускіх вну прадстаўлены толькі БДУ. І яго пазіцыі ў ім таксама пагоршыліся: калі ў 2024-м вну знаходзілася ў групе 1200-1500, то ў гэтым — апусцілася ў катэгорыю 1501+.
Аднак пазіцыі беларускіх вну зніжаюцца не толькі ў заходніх рэйтынгах. У Шанхайскім рэйтынгу Белдзяржуніверсітэт увайшоў у тысячу лепшых толькі па фізіцы. І нават тут яго становішча пагоршылася: у 2023 годзе БДУ быў у чацвёртай сотні, а ў 2024-м зрушыўся ў пятую. У рэйтынгу Round University Ranking, які складаюць у Грузіі, пазіцыя БДУ знізілася з 782 у 2024-м да 828 у 2025-м.
Узмацнілася ж пазіцыя БДУ у Маскоўскім міжнародным рэйтынгу «Тры місіі ўніверсітэту»: у 2024-м адносна 2023-га вну падняўся прыкладна на сто пазіцый. Палепшыў у расейскім рэйтынгу пазіцыі і Віцебскі медуніверсітэт. БДМУ, БДУІР, БНТУ, а таксама Гомельскі ўніверсітэт імя Францыска Скарыны апусціліся ў спісе.