Антыфэйк / фактчэк 25 снежня

Пенсійная арыфметыка: палітолаг Лазуткін параўнаў беларускую і літоўскую сістэмы, але не разабраўся ў дэталях

Ён дадаў літоўцам стажу для атрымання працоўнай пенсіі.

Палітолаг Андрэй Лазуткін параўнаў умовы атрымання пенсіі ў Літве і Беларусі. Паводле яго словаў, пасля завяршэння літоўскай рэформы ў беларускіх пенсіянераў з'явіцца значная перавага. Каманда Weekly Top Fake разабралася ў нюансах, у якіх не разабраўся Лазуткін. 

Кантэкст: У Беларусі змянілі правілы выплаты пенсіяў для дзяржслужбоўцаў. Калі яны працягнуць працаваць і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, то змогуць разлічваць і на заробак, і на пенсію за выслугу гадоў. Змены прынялі, каб утрымаць адмыслоўцаў на працоўных месцах. Новыя правілы пачнуць дзеяць з 1 студзеня 2026 года.

У 2026 годзе ў Літве павялічаць пенсійны ўзрост і абавязковы стаж для атрымання пенсіі, таксама ліквідуюць розніцу паміж пенсійным узростам мужчынаў і жанчын. Пра сваю інтэрпрэтацыю навін пра літоўскіх пенсіянераў палітолаг Андрэй Лазуткін распавёў у праграме «Займальная паліталогія» на тэлеканале СТБ. 

«Каб атрымліваць хоць нейкую пенсію ў Літве, трэба 15 гадоў стажу. Калі гэтага няма, то не плацяць зусім нічога. Хоць у нас ёсць сацыяльная пенсія. А каб плацілі працоўную, па рэформе ў Літве, трэба будзе 35 гадоў стажу. Для параўнання, у нас усяго 20», — адзначыў палітолаг у эфіры 16 снежня 2025 года. 

Мінімальны страхавы стаж у Літве — сапраўды 15 гадоў. Як і ў Беларусі, там ёсць сацыяльная пенсія ці пенсія па аказанні матэрыяльнай дапамогі ў старасці. Яна складае трохі менш €250 у месяц. Для параўнання, у нас такая выплата — трохі больш за €70 у эквіваленце.

Лазуткін заявіў, што ў Беларусі, каб атрымаць пенсію па ўзросце, трэба адпрацаваць 20 гадоў, а ў Літве — 35. Гэта не так. У Літве іншая пенсійная механіка: для атрымання права на базавую пенсію трэба адпрацаваць хаця б 15 гадоў — тады €300 у чалавека ёсць. Каб атрымліваць больш высокую пенсію, трэба пераступіць парог у 34,5 года страхавога стажу.

Плюс у літоўцаў ёсць яшчэ індывідуальная частка пенсіі, якая дадаецца да базавай. Яе памер залежыць ад велічыні заробку і стажу. Напрыклад, адпрацаваўшы 15 гадоў з сярэдняй зарплатай, літовец заробіць да базавай пенсіі яшчэ каля €100. 

У беларуса права на пенсійную выплату ў памеры 90% бюджэту пражыткавага мінімуму — каля 300 рублёў ці €90 — узнікае толькі пасля 20 гадоў страхавога стажу. Калі адпрацаваў трохі менш, 19 гадоў, напрыклад, то ўсе адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны за ўсе гады і высокая заработная плата ніяк не ўлічваюцца.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць