Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Добрушская газета параўнала беларускія пенсіі са шведскімі, але памылілася ў разліках
Аўтарка матэрыялу ўзяла максімальныя выплаты замест сярэдніх і памылілася з памерамі заробку.
Беларускія пенсіянеры хутка змогуць падарожнічаць па свеце як шведы, напісала аўтарка матэрыялу ў газеце «Добрушскі край». Сваю выснову яна падмацавала лічбамі, параўнанне якіх некарэктна.
У газеце «Добрушскі край» 13 жніўня 2025 года апублікавалі матэрыял пад загалоўкам «Ці праўда, што пенсіянеры ў іншых краінах жывуць лепш за нашых». Яго аўтарка Людміла Назарава разважае пра беларускую пенсійную сістэму і яе падабенства са шведскай:
«Нельга не заўважыць і таго, што доля пенсіі адносна заработнай платы [у Швецыі] — усяго 50 адсоткаў. Для параўнання: па інфармацыі БелТА, максімальны памер пенсіі па ўзросце з лютага 2025 года ў Беларусі складае больш за 1599 рублёў (прыкладна $530) пры сярэднім заробку па краіне каля 1926 рублёў (больш за $640). І я веру, што, не жывячы ў Швецыі, аднойчы таксама буду сядзець на балкончыку з відам на мора, забыўшыся пра працу».
Грунтуючыся на гэтым атрымліваецца, што шведскія пенсіі роўныя палове заробку, тады як у Беларусі пажылыя людзі нібыта атрымліваюць больш за 80% ад сярэдняй зарплаты. Аднак аўтарка параўнала не сярэднюю беларускую пенсію з сярэднім заробкам па краіне, а максімальную па ўзросце. Сярэдняя ж пенсія ў паўтара разу менш — каля 900 рублёў (прыкладна $300). Максімальную па ўзросце атрымліваюць далёка не ўсе пенсіянеры.
Сярэдні заробак па Беларусі на момант выхаду матэрыялу ў добрушскай газеце — 2400 рублёў (каля $800). Значыць суадносіны сярэдняй пенсіі да сярэдняй зарплаты меней за 40% — гэта ніжэй, чым у Швецыі.