Антыфэйк / фактчэк 21 лістапада 2024

Вядоўца «Беларусь 4» пахваліўся поспехамі Беларусі ў турызме, але не сказаў, што бывала і лепш

Эпідэмія каранавіруса скончылася, межы адкрытыя, але паток турыстаў з СНД так і не дасягнуў узроўню 2019 года.

Беларусь дасягнула поспехаў у галіне арганізаванага турызму: у 2023 годзе групавых візітаў у краіну было амаль у чатыры разы больш, чым у 2000-м, распавёў вядоўца тэлерадыёкампаніі «Гомель» Міхаіл Сініцын. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтыя словы і знайшла некалькі нюансаў. 

Колькасць замежных турыстаў, якія прыехалі ў Беларусь, вырасла ў разы, распавёў 13 лістапада 2024 года вядоўца праграмы «Меркаванні» ТРК «Гомель» Міхаіл Сініцын. 

«Чарговае дасягненне сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь за 30 гадоў з моманту заснавання інстытуту прэзідэнцтва звязана з развіццём індустрыі турызму і гасціннасці ў нашай краіне. Колькасць замежных грамадзян, якія наведалі Беларусь у складзе арганізаваных турыстычных груп у 2023 годзе, у 3,8 разу перавысіла аб'ём турыстычнага патоку ў 2000 годзе», — сказаў вядоўца. 

З 2000 па 2023 год колькасць арганізаваных турыстаў, якія наведалі Беларусь, сапраўды павялічылася — з 60 тысяч да 233 тысяч чалавек. Нюанс, пра які не распавёў вядоўца: у 2019 годзе паказнік быў амаль удвая большы, чым летась (405,5 тысячы). А потым абваліўся праз эпідэмію каронавіруса і з тых часоў не аднавіўся. 

Агучыў вядоўца і іншыя паказнікі па турызме за мінулы год: 

«Як адзначылі ў Мінэканомікі Беларусі, агульная колькасць паездак арганізаваных і неарганізаваных турыстаў на тэрыторыю нашай краіны ў 2023 годзе склала 5,7 млн чалавек». 

Міхаіл Сініцын не назваў паказнікі папярэдніх гадоў для параўнання, з яго слоў не ясна, амаль 6 млн — гэта шмат ці мала. Да прыкладу, у 2019 годзе ў Беларусь прыехалі амаль 12 млн турыстаў. 

Эпідэмія каранавіруса скончылася, межы адкрытыя, але паток турыстаў з СНД так і не дасягнуў узроўню 2019 года, а з іншых краін паменшыўся ў чатыры разы. Нават у ковідным 2020 годзе яны ў Беларусь прыязджалі часцей.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Антыфэйк / фактчэк Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Вядоўца СТБ патлумачыў, чаму, на ягоную думку, украінскім уладам варта перастаць «мачыць, знішчаць, гнабіць» царкву Маскоўскага патрыярхату.
17 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць