Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Польшча — на шклянцы». На БТ распавялі, як палякі выміраюць ад алкагалізму, і змаўчалі, што беларусы п'юць больш

Тэлевядоўцы расказалі, як палякі співаюцца ад цяжкага жыцця.

Палякі співаюцца ад цяжкага жыцця — выдаткоўваюць на алкаголь пятую частку бюджэту на харчаванне, заявілі на беларускім тэлебачанні. Каманда Weekly Top Fake параўнала, хто больш п'е — палякі ці беларусы.

Колькі сродкаў ідзе ў жыхароў Польшчы на куплю алкаголю, 15 кастрычніка 2025 года ў праграме «План Б» на канале News.by распавяла вядоўца Анастасія Бенедзісюк: 

«Польшча названа адной з краін Еўразвязу, якая больш за ўсё вымірае. Еўрастат публікуе дадзеныя пра ўзроўні алкагольнай залежнасці ў ЕЗ: горш з алкаголем ідуць справы толькі ў Славеніі. На гарэлку і піва палякі выдаткоўваюць 20% ад агульных выдаткаў на прадукты харчавання».

Праз два тыдні гэтую ж тэму ў праграме «Трэнды» падняў яе вядоўца Андрэй Сыч. Ён заявіў, што «Польшча — на шклянцы».

«Апытанне выдання Onet паказала, што амаль 87% палякаў лічаць алкагалізм сацыяльнай праблемай, якая расце. А ў 2024 годзе грамадзяне штодня куплялі ў сярэднім 16,5 млн бутэлек піва. Шукаюць дно ў бутэльцы часцяком не ад добрага жыцця», — канстатаваў вядоўца News.by. 

Палякі сапраўды выдаюць на алкаголь значную частку бюджэту на прадукты харчавання, аднак гэта не 20%, а 15%. Беларусы выдаткоўваюць 6% на алкаголь разам з тытунём. Але гэта не значыць, што палякі п'юць больш. Такая розніца можа быць, напрыклад, праз больш высокія цэны на алкаголь. 

Калі параўнаць паказнікі спажывання чыстага алкаголю на душу насельніцтва ў абедзвюх краінах, апынецца, што беларусы ў 2023 годзе выпілі 10,9 літра зарэгістраванага алкаголю ў пераліку на чысты спірт. Паказнік павялічыцца на палову літра, калі ўлічыць незарэгістраваны. У Польшчы на аднаго жыхара даводзіцца 10 літраў абсалютнага алкаголю. Праўда, у статыстыцы не ўдакладняецца, толькі зарэгістраванага ці любога. Але ў любым выпадку выходзіць, што выдаткоўваюць палякі больш, але п'юць менш.

Апытанне, якое згадаў Андрэй Сыч, выданне Onet сапраўды праводзіла. Аднак у выніках даследавання сказана, што 87% палякаў лічаць алкагалізм сур'ёзнай праблемай, у фармулёўцы няма слоў «якая расце». Па афіцыйных дадзеных, у апошнія гады спажыванне алкаголю ў Польшчы ідзе на спад: у 2021 годзе сярэднестатыстычны паляк выпіваў на літр больш, чым у 2023-м.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць