Антыфэйк / фактчэк Учора

«Самы нізкі паказнік у Еўропе». Фэйк пра польскую медыцыну ад СТБ і «Менскай праўды»

Дзяржмедыі распавялі, што Польшча па колькасці лекараў саступае Беларусі і ўсім краінам Еўропы.

Польшча — аўтсайдар па колькасці лекараў сярод краін ЕЗ і прыкладна ў паўтара разу саступае па гэтым паказніку Беларусі, заявіла вядоўца тэлеканалу СТБ Вольга Коршун. Высветлілі, што яе дадзеныя састарэлі, а параўнанне з Беларуссю наогул некарэктнае.

Праз правядзенне беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2025» Польшча ў ноч на 12 верасня зачыніла мяжу з Беларуссю. Апроч таго, Варшава ўзмацніла сваю ўсходнюю мяжу дадатковымі сарака тысячамі вайскоўцаў. Вядоўца праграмы «Тыдзень» на СТБ Вольга Коршун 7 верасня звінаваціла ўлады краіны ў жаданні замаскаваць піярам на вайне сапраўдныя праблемы. Напрыклад, у медыцыне. 

«У Польшчы самы нізкі паказнік колькасці лекараў на душу насельніцтва ў Еўропе. У сярэднім ён удвая ніжэй, чым па ЕЗ, і прыкладна ў паўтара — чым у Беларусі. Краіна некалькі гадоў спрабавала павялічыць набор кадраў, але, атрымаўшы дыплом, польскія лекары едуць у Брытанію, Скандынавію і Нямеччыну», — заявіла вядоўца.

За пяць дзён да гэтага матэрыял аб праблемах у польскай ахове здароўя апублікавала і «Менская праўда».

«Да ўвагі многіх: у Польшчы ў сярэднім 2,4 лекара на 1000 жыхароў і 5,2 медсястры, што ставіць краіну ніжэй за сярэдні паказнік па Еўразвязе (3,9 лекара і 8,3 медсястры)», — напісана ў ім. 

Інфармацыя «Менскай праўды» пра колькасць лекараў у Польшчы састарэла. 2,4 спецыяліста, якія практыкуюць, на тысячу чалавек там налічвалася сем гадоў таму, у 2018-м. Цяпер паказнік — амаль чатыры лекары на тысячу жыхароў. 

Няпраўда і тое, што Польшча абсалютны аўтсайдар у Еўропе па колькасці медыкаў. Паводле дадзеных Еўрастату за 2023 год, мінімум у дзясятка краін ЕЗ сітуацыя горш. Хоць у 2018 годзе Польшча сапраўды была антылідарам, цяпер сітуацыя там палепшылася. 

У Беларусі, паводле дадзеных Белстату, на 1000 беларусаў даводзіцца амаль 5,5 практыкуючых лекара. Але разлічваецца паказнік у ЕЗ і ў нас па-рознаму. Белстат улічвае ўсіх лекараў-спецыялістаў з вышэйшай медычнай адукацыяй, якія аказваюць дапамогу хворым, у тым ліку стаматолагаў. А ў еўрапейскай статыстыцы іх не ўлічваюць, яны ідуць асобным радком. Складана судзіць, якім бы гэты паказнік быў у Беларусі, калі б яго разлічвалі па еўрапейскіх правілах. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць