Антыфэйк / фактчэк 16 жніўня

Паліцыя Нямеччыны нямоглая перад мігрантамі: «ЖС premium» перакруціў старую гісторыю

Аўтары тэлеграм-канала апублікавалі ролік, дзе цемнаскуры мужчына «бяскарна» разбівае паліцэйскую машыну.

Тэлеграм-канал «ЖС premium» апублікаваў відэа, на якім паліцыя ў Нямеччыне не перашкаджае мігранту разбіваць паліцэйскую машыну. Аўтары канала сцвярджаюць, што парушальнік не панёс кары і гэта пацвярджае бездапаможнасць нямецкіх ахоўнікаў парадку перад мігрантамі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што не так з відэа.

Міністр унутраных спраў ФРГ у траўні 2025 года распарадзіўся ўзмацніць кантроль на межах за мігрантамі і адмаўляць тым, хто просіць прытулак. У выніку за тры месяцы спынена больш за 12 тыс. спроб незаконнага перасячэння мяжы, амаль 80% мігрантаў, затрыманых на мяжы, выслалі за межы краіны. Такія меры — частка палітыкі новага канцлера Фрыдрыха Мерца, які падтрымлівае больш цвёрдыя міграцыйныя правілы ў Еўразвязе. 

У тэлеграм-канале «ЖС Premium» 4 жніўня 2025 года апублікавалі пост з сцвярджэннем, што нямецкая паліцыя нямоглая перад мігрантамі, што парушаюць мясцовае заканадаўства. У пацверджанне сваіх заяў аўтары прымацавалі відэа, на якім бачна, як цемнаскуры мужчына б'е па паліцэйскай машыне палкай, а потым спрабуе схавацца ад праваахоўнікаў. 

«Нічога незвычайнага, проста мігрант у шортах дубасіць паліцэйскую машыну палкай, а вартавыя парадку тым часам... адганяюць агаломшаных карцінай немцаў. Яны звыклі, што за падобныя выхадкі можна лёгка і нязмушана атрымаць дубінкай па башке ці гумовую кулю. Ну а тут мігранту проста далі спакойна сыйсці ў заход. 

Проста цікава, як хутка ў Нямеччыне канчаткова сарве заціскі ад «дэмакратыі», дзе законы для кожнага працуюць па-рознаму?» — сказана ў допісе да роліка.

Апублікаванае відэа яшчэ 3 жніўня з'явілася ў акаўнце сацсеткі Х англамоўнага партала Remix News. Ён пазіцыянуе сябе як міжнароднае навінавае медыя. Аднак журналісты вугорскага незалежнага выдання Átlátszó высветлілі, што за праектам стаіць медыяструктура, звязаная з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, фінансуецца з дзяржбюджэту праз афіляваныя структуры. 

Упершыню ж гэтае відэа апублікавала нямецкая газета Bild у красавіку 2023 года. Яна распавяла пра інцыдэнт, што адбыўся ў нямецкім горадзе Фірнхайм: малады мужчына самалійскага паходжання паводзіў сябе агрэсіўна і паспрабаваў пабіць паліцэйскую машыну. Ён знаходзіўся ў псіхічна нестабільным стане і, напэўна, пад дзеяннем наркотыкаў. Пры спробе затрымання ён аказваў супраціў і паліцыянты выклікалі падмацаванне. У выніку мужчыну неўзабаве затрымалі і адправілі ў псіхіятрычную клініку.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць