Расеі патрэбна ўся тэрыторыя Украіны, інакш там застанецца агмень вайны — нацысты, заявіў прафесар расейскай Акадэміі вайсковых навук Аляксандр Ціханскі. У перадачы «PRO Армію» на ютуб-канале «СБ ТБ» 18 красавіка ён сказаў, што, прыкладам, у Нямеччыне такая ідэалогія захавалася і пасля 1945 года:
«Я некалі даўно, гадоў 10 таму, напісаў артыкул “Еўропай кіруюць унукі нацыстаў і калабарацыяністаў”. Я трошкі памыліўся: справа ў тым, што Мерц — не ўнук, ён сын. Ён сын, так, служыў у вермахце, чалец НСДАП яго бацька быў. Вось вам сітуацыя на сённяшні дзень. Бэрбак, узяць Урзулю, увогуле, узяць усіх нямецкіх такіх актыўных палітыкаў, апроч “Альтэрнатывы для Нямеччыны”, ва ўсіх ёсць пэўныя дзядулі, карані, якія дазваляюць, увогуле, успамінаць 41 год, што, як яны былі моцныя, як яны пайшлі на Савецкі Саюз».
Дзед кіраўнічкі МЗС Нямеччыны Аналены Бэрбак быў нацыянал-сацыялістам, калі верыць яго асабістай справе ў дакументах вермахта. Аднак, у федэральным архіве Нямеччыны адзначылі, што такія характарыстыкі былі стандартнымі для таго часу. Вальдэмар Бэрбак, мабыць, адзначыўся ў баявых дзеяннях — атрымаў узнагароду «За вайсковыя заслугі». Але пра яго чалецтва ў Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай працоўнай партыі (НСДАП) інфармацыі няма.
Бацька будучага канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мерца Ёахім нарадзіўся ў 1924 годзе ў горадзе Брэслаў (цяпер гэта польскі Вроцлаў). У 17 гадоў яго прызвалі ў вермахт, ён трапіў у палон, дзе правёў чатыры гады. А калі вярнуўся ў Нямеччыну, стаў суддзём і разглядаў справы былых нацыстаў. Інфармацыі пра тое, што ён быў чальцом НСДАП, таксама няма. А дзед Мерца сапраўды быў чальцом гэтай партыі і мэрам гораду Брылан пры нацыстах.
Інфармацыю пра нацысцкае мінулае дзядулі старшыні Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен каманда WTF ужо аспрэчыла. Мы высветлілі, што за яе сваяка спрабавалі выдаць адразу двух высокапастаўленых чальцоў НСДАП з падобнымі імёнамі. Але сапраўдны дзед палітыка быў псіхатэрапеўтам.
Цверджанне расейскага прафесара, што сярод кіраўніцтва партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» няма нашчадкаў чальцоў партыі Адольфа Гітлера, таксама апынулася няслушным. Журналісты выдання Welt am Sonntag высветлілі, што, прыкладам, дзед сустаршыні Аліс Вайдэль, Ганс Вайдэль, быў вайсковым суддзём і выносіў прысуды супернікам Трэцяга рэйху. Прызначыў яго асабіста Гітлер. Аліс Вайдэль заяўляла, што нічога не ведала пра мінулае свайго дзеда, таму што яе сямʼя не мела з ім кантакту.
У архівах таксама знайшлася заява на ўступ у Нацыянал-сацыялістычную партыю, напісаная дзядулем дэпутата бундэстагу ад «Альтэрнатывы для Нямеччыны» Максіміліяна Кра. На выбарах у Еўрапарламент ён быў кандыдатам нумар адзін ад гэтай партыі.