Антыфэйк / фактчэк

18 чэрвеня

БТ: Палякі хацелі б ездзіць у Беларусь глядзець на спакойнае жыццё, у адрозненні ад беларусаў, якія «навідаліся дэмакратыі». Лічбы кажуць пра адваротнае

Паглядзець жа на дэмакратыю ў Польшчу, паводле звестак польскіх памежнікаў, летась прыехалі 1,5 млн чалавек. Гэта 15% насельніцтва Беларусі.

Палякі хацелі б паехаць у Беларусь паглядзець на спакойнае жыццё, але Польшча ўзяла курс на ізаляцыю, заявіла вядоўца «Беларусь 1» Дар'я Рачко. Каманда Weekly Top Fake разабралася, ці сапраўды суседзі так ірвуцца ў Беларусь. 

Польскія ўлады заявілі пра ўзмацненне аховы мяжы з Беларуссю і стварэнне буфернай зоны каля яе. Адбылося гэта пасля смерці жаўнера ад нажавога ранення, атрыманага падчас патрулявання польска-беларускай мяжы 28 траўня. Атакаваў паляка мужчына з групы мігрантаў, якія спрабавалі прарвацца праз загароду. 

На «Беларусь 1», распавядаючы пра ўмацаванне мяжы 11 чэрвеня 2024 года, заявілі, што Польшча ўзмацняе меры з боязі, што палякі паедуць у Беларусь глядзець на спакойнае жыццё. 

«Варшава бярэ курс на ізаляцыю, не адкрывае памежныя пераходы, страйкуе, даводзіцца стаяць на мяжы па 70 гадзін. А вы чаго баіцеся? Нам-та ваша дэмакратыя не патрэбна — навідаліся. А вось палякі да нас бы і рады на жыццё спакойнае паглядзець», — распавяла Дар'я Рачко.

Заявы вядоўцы не пацвярджаюцца статыстыкай. Паводле звестак Дзяржпамежкамітэту Беларусі, на пачатак 2023 года па бязвізе ў Беларусь заехалі 22 тысячы палякаў, а на пачатак 2024-га — 65 тысяч. То бок, летась паглядзець на спакойнае жыццё прыехалі прыкладна 43 тысячы грамадзян Польшчы, або 0,1% ад насельніцтва краіны. 

Паглядзець жа на дэмакратыю ў Польшчу, паводле звестак польскіх памежнікаў, летась прыехалі 1,5 млн чалавек. Гэта 15% насельніцтва Беларусі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі