Антыфэйк / фактчэк 20 лютага 2023

Беларусь больш міралюбная, чым дэмакратычныя краіны, а Польшча закрыла «Баброўнікі» праз карупцыю. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Фэйк 1: Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі» праз карупцыю сярод польскіх мытнікаў

Партнёрскі матэрыял
На беларуска-польскай мяжы застаўся адзін пункт пропуску. З 10 лютага 2023 года Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі». На наступны дзень аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» распавялі сваю версію прычын такога рашэння польскіх уладаў. 

«Галоўная прычына закрыцця "Баброўнікаў" — карупцыя сярод польскіх прыкардоннікаў, паводле версіі польскіх СМІ.

Пра гэта, у прыватнасці, піша польскае выданне Wyborcza. 12 мытнікаў былі затрыманыя ў чацвер 9 лютага. А 10 лютага кіраўнік МУС Польшчы Каміньскі абвясціў пра закрыццё памежнага пераходу спасылаючыся на "інтарэсы дзяржаўнай бяспекі". Як гаворыцца: "з хворай галавы на здаровую".

Выданне сцвярджае, што першапачатковая прычына закрыцця пераходу — карупцыя і арышт — "кваліфікаваных спецыялістаў" не засталося: "пасля затрымання мытнікаў на гэтым пераходзе працаваць няма каму". <...>

Ну а далей — вядома — кіраўнік МУС прыкрыў карупцыю "інтарэсамі нацыянальнай бяспекі"», — гаворыцца ў посце.

Прычыны закрыцця чарговага памежнага пераходу на беларуска-польскай мяжы былі іншыя. Гэта здарылася на наступны дзень пасля вынясення прысуду журналісту і сябру Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту. На сайце польскага МУС з'явілася паведамленне міністра Марыюша Каміньскага пра тое, што ён даручыў падрыхтаваць санкцыйны спіс у адказ на рэпрэсіі ў дачыненні да польскай меншасці ў суседняй краіне. Тады ж ён абвясціў пра закрыццё памежнага пераходу «Баброўнікі». 

«У сувязі з пастановай Сейму Рэспублікі Польшча ў дачыненні да Анджэя Пачобута я даручыў сваім службам падрыхтаваць заявы пра ўключэнне ў санкцыйны спіс чарговых асоб, звязаных з рэжымам Лукашэнкі, адказных за рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі.

У той жа час, у сувязі з важнымі інтарэсамі дзяржаўнай бяспекі, я вырашыў прыпыніць да паведамлення пра адваротнае, з 10 лютага гэтага года з 12:00, рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках», — паведаміў міністр.

Пазней прэм'ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі пракаментаваў гэтае рашэнне. Прычына закрыцця памежнага пераходу — «напружанасць, якая расце» ў сувязі з тым, што «Беларусь гуляе так, як хоча Крэмль», і такія паводзіны «становяцца ўсё больш небяспечнымі для нас, для Украіны і для Еўропы», цытавалі польскія СМІ словы прэм'ера. Ён таксама заявіў, што не выключае «закрыцця чарговых памежных пераходаў».

Затрыманыя польскія мытнікі таксама былі, аднак гэта ніяк не звязана з прыпыненнем працы «Баброўнікаў». Журналіст польскай газеты Wyborcza са спасылкай на крыніцы напісаў, што іх затрымалі 9 лютага, да прыняцця рашэння аб закрыцці памежнага пераходу. 

У артыкуле выдання ёсць абнаўленне. З журналістам звязалася прэс-сакратарка кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі, якая запэўніла, што затрыманне і спыненне працы памежнага пераходу не звязаныя. 

«А 12:30 мне патэлефанавала прэс-сакратарка кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Юстына Пасечыньска, каб запэўніць мяне, што няма ніякай сувязі паміж разборам Нацыянальнай пракуратуры і рашэннем закрыць пераход у Баброўніках, таму што яно было прынята Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыяй [Марыюшам Каміньскім], якому Нацыянальная падатковая адміністрацыя не падпарадкоўваецца».

Пазней сталі вядомыя падрабязнасці затрымання. Апынулася, што сямёра польскіх мытнікаў дапамагалі кантрабандыстам цыгарэт з Беларусі. У памежнай службе распавялі, што злачынная група, у ліку якой былі мытнікі, за два гады нелегальна перавезла ў Польшчу амаль 19 млн пачкаў цыгарэт. А супрацоўнікі мытні атрымалі не менш за €400 тыс.

Фэйк 2: Беларусь больш міралюбівая, чым дэмакратычныя краіны

Партнёрскі матэрыял
Па індэксе міралюбнасці Беларусь абганяе дэмакратычныя краіны, заявілі аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч». Адпаведны пост з'явіўся 11 лютага 2023 года.

«Штогод Інстытут эканомікі і міру публікуе Глабальны індэкс міралюбнасці. Але нават у гэтым замежным рэйтынгу Беларусь абышла так званыя “дэмакратычныя" краіны. Краіны ацэньваліся па 23 паказніках, аб'яднаных у 3 групы:

  1. Наяўнасць і маштаб канфліктаў. 
  2. Узровень стабільнасці і бяспекі ўнутры дзяржавы.
  3. Узровень мілітарызацыі дзяржавы.

Па гэтых паказніках Беларусь абагнала такія краіны, як Грузія, ЗША, Ізраіль і г.д», — напісалі аўтары поста.

Журналісты «Лукавых навін» вывучылі Глабальны індэкс міралюбнасці за 2022 год і ўбачылі, што Беларусь заняла ў ім 116 месца са 163 магчымых. Грузія апярэджвае Беларусь на 21 пазіцыю.

Калі глядзець па катэгорыях, у сферы бягучых унутраных і міжнародных канфліктаў Беларусь знаходзіцца на апошніх пазіцыях і суседнічае з Калумбіяй, Ізраілем, Мазамбікам і Гвінеяй. 

У частцы сацыяльнай бяспекі і абароны Беларусь таксама бліжэй да канца спісу. Пералічаныя каналам «Невальфовіч» Грузія, ЗША і Ізраіль знаходзяцца вышэй. Сярэднюю пазіцыю Беларусь займае ў дамене пра мілітарызацыю. 

Пра Беларусь узгадваюць складальнікі рэйтынгу ў апісанні агульных зменаў у свеце. Напрыклад, у кантэксце росту палітычнага гвалту і тэрору: 

«Рост палітычнага гвалту і тэрору ідзе на працягу 2021 і 2022 гадоў, пры гэтым 44 краіны зафіксавалі пагаршэнне паказніка палітычнага тэрору ў параўнанні з 29 краінамі, у якіх было зафіксавана паляпшэнне. Вялікія пагаршэнні адбыліся ў Мазамбіку, Бурундзі, Беларусі, Азербайджане, Аргенціне і Джыбуці».

Дадзеныя, якія прыводзяцца ў тэлеграм-канале «Невальфовіч», ёсць у іншым нядаўна апублікаваным рэйтынгу. Там гаворыцца пра індэкс успрымання бяспекі — яго сапраўды правёў Інстытут эканомікі і міру. Праўда, ён гэта зрабіў упершыню, а аўтары канала «Невальфовіч» напісалі пра штогадовы рэйтынг.

У ім Беларусь заняла 8 месца са 141. Але ёсць істотны нюанс: самі аўтары пішуць, што звесткі для індэкса былі сабраныя ў 2019 годзе, то бок да пандэміі COVID-19, да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і да пачатку масавых рэпрэсій. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць