Пра правальную пяцігодку для польскай эканомікі палітолаг Пётр Пятроўскі распавядаў у эфіры «Радыё Менск» 20 траўня 2025 года:
«Гэтыя пяць гадоў у эканоміцы, палітыцы ў Польшчы прадэманстравалі негатыўны вынік. Першае, локдаўн — мінус 5% ВУП. Другое 2022 год — увядзенне маштабных санкцый супраць Беларусі і Расеі, адмова ад энергарэсурсаў, ад сыравіны. Вынік таксама там нулявы».
У 2020 годзе ВУП у Польшчы зменшыўся не на 5%, а на 2,2%. Пасля на працягу двух гадоў эканоміка паказвала рост: у 2021 годзе — 6,9%, у 2022-м — 5,3%. Амаль нулявым, як выказаўся Пятроўскі, апынуўся 2023 год, а не 2022-і, — рост склаў 0,1%. У выніку за пяць гадоў польская эканоміка вырасла больш чым на 13%.
Рост беларускай эканомікі за тую ж пяцігодку, нягледзячы на адсутнасць каронавірусных абмежаванняў у 2020 годзе і доступ да расейскага рынку, амаль утрая менш — 5,1%.
На наступны дзень пасля выступу ў эфіры «Радыё Менск», 21 траўня, Пётр Пятроўскі праблемы палякаў абмеркаваў і з супрацоўніцай холдынга «СБ. Беларусь сёння» Людмілай Гладкай у эфіры «СБ ТБ». Ён заявіў, што ў Польшчы заробкі нязначна адрозніваюцца ад беларускіх.
— Так, могуць сказаць, што ў Польшчы сярэдні заробак больш. Ну, добра. Сярэдні заробак у нас 2000, у іх — 3000, — агучыў сумы палітолаг.
— Не, так выдаткі, давайце ж, параўнаем, — прапанавала Гладкая.
— Пры гэтым паўтары тысячы ён (жыхар Польшчы — рэд.) аддасць на аплату кватэры. А ў яго застаецца паўтары тысячы, дзе, прашу прабачэння, цана літру бензіну не 2,5 рубля, а €2,5. Гэта ў лепшым выпадку, — прывёў прыклад Пятроўскі.
Са сказанага палітолагам складана зразумець, пра якую валюту ў кантэксце заробкаў ішла гаворка. У Беларусі ў апошнім квартале 2024 года сярэдні заробак дасягнуў амаль 2,5 тыс. беларускіх рублёў ці каля €700. У Польшчы сярэдні заробак 3 тыс. злотых ці прыкладна €750 (па сярэднім курсе 2010 года) быў больш за 15 гадоў таму. У 2025 годзе нават мінімальны вышэй. У 2024 годзе жыхары Польшчы ў сярэднім зараблялі каля 7,2 тыс. злотых (сума пасля выплаты абавязковых страхавых рат) ці парадку €1700. То бок у 2,5 разу больш, чым у Беларусі.
Што да бензіну, то на беларускіх запраўках АІ-95 у траўні 2025-га каштуе 75 еўрацэнтаў. У Польшчы — €1,35, а не €2,5, як заявіў Пятроўскі. Атрымліваецца, што на сярэдні заробак паляка можна купіць прыкладна 1260 літраў бензіну, а на заробак беларуса — каля 950 літраў.